- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Сем дзён у “Зімовым гарадку”

 

Для 15 хлопчыкаў і дзяўчынак Суботнікскай сярэдняй школы адпачынак у аздараўленчым лагеры “Зімовы гарадок” ператварыўся ў сямідзённае падарожжа па казачным горадзе.

Першы дзень прайшоў пад назвай “Зімовы гарадок кліча!”. Падчас квест-гульні “Снежны камяк” дзеці засвоілі правілы бяспечных паводзін у лагеры, даведаліся, якія небяспекі тоіць у сабе піратэхніка, а пасля павесяліліся ў танцавальна-забаўляльнай праграме “У рытмах Калядных агнёў”, на якую былі запрошаны Дзед Мароз і Снягурка.

У другі дзень сярод выхаванцаў лагера прайшоў конкурс “Марозкіны ўзоры”. Педагог-арганізатар школы стала для вучняў сапраўднай чараўніцай, яна рыхтавала іх да вясёлых спаборніцтваў і малявала на тварах зімовыя ўзоры.

У трэці дзень выхаванцы адправіліся на экскурсію ў Музей нацыянальных культур у Іўе, дзе наведалі экспазіцыю “Беларускія татары”. Інтэрактыўнае падарожжа ў гісторыю садзейнічала выхаванню талерантнасці, пачуцця гонару за родную Беларусь, якая на працягу многіх стагоддзяў заставалася міралюбнай краінай.

На чацвёрты дзень знаходжання ў лагеры дзяцей чакаў касцюміраваны баль-маскарад “Цуды на Новы год”.

 “Кемлівасць, эрудыцыя і смех – неад’емны поспех” – пад такім дэвізам у пяты дзень прайшла віктарына, прысвечаная малой радзіме. Зачаравальным аказалася завочнае падарожжа “Белавежская пушча. Сядзіба Дзеда Мароза”.

Шосты дзень прысвяцілі добрым справам – школьнікі майстравалі і развешвалі на дрэвах кармушкі для птушак.

Сёмы дзень быў завяршальным. Кропку ў адпачынку ў прышкольным аздараўленчым лагеры паставіла музычна-забаўляльная праграма “Да пабачэння, гарадок!”.

М.І. ЯЦКЕВІЧ,
старшы выхавальнік лагера “Зімовы гарадок”
Суботнікскай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий