- МІНШЧЫНА, Рэгiёны

З увагай да нашых дзяцей

 

Напярэдадні навагодніх свят 10-ты асобны батальён радыёэлектроннай барацьбы, Барысаўская ваенная камендатура і 2336-я база захавання рэчавай маёмасці прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Дарэчы, ваеннаслужачыя не ўпершыню бяруць удзел у акцыі: сустрэча з дзецьмі для людзей, што носяць пагоны, ужо даўно стала добрай традыцыяй.

Першымі, хто сустракаў гасцей, прадстаўнікоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, сталі навучэнцы сярэдняй школы № 17 Барысава. У гэтай навучальнай установе салодкія падарункі былі ўручаны дзецям з мнагадзетных сем’яў.

Асаблівую ўвагу ваенныя сёлета ўдзялілі Барысаўскаму спецыялізаванаму Дому дзіцяці. Сюды прывезлі ўсё самае неабходнае для малышоў: некалькі дзіцячых камодаў для цацак, чайнік, дзіцячы манеж, насценныя гадзіннікі, а таксама падгузнікі. Безумоўна, тое, у чым установа мае патрэбу, загадзя абмяркоўваецца з адміністрацыяй, у прыватнасці, з галоўным урачом Дому дзіцяці Святланай Дзятко.

Да гасцей у зялёнай форме малышы спачатку ставіліся насцярожана: не кожны дзень да іх прыходзяць ваенныя. Але пасля знаёмства не хацелі злазіць з рук, бо ім вельмі падабаецца, калі на іх звяртаюць увагу, гуляюць з імі.

На развітанне ваеннаслужачыя прапанавалі дзецям загадаць жаданні і паабяцалі, што яны абавязкова збудуцца. А інакш і быць не можа, таму што жаданне ў іх адно на ўсіх і яно рэальнае: сутракаць наступны Новы год дома з мамай.

Аляксей БАРАБАНАЎ,
намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце
вайсковай часці  93685

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий