- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Дзякуй выхавальнікам, бацькам, кухарам

 

Міжнародны дзень “Дзякуй” адзнаўся 11 студзеня. Яго можна назваць “самым выхаваным днём”. Выхавальнікі і выхаванцы старшых груп ясляў-сада № 12 Навагрудка не пакінулі гэты важны дзень без увагі.

Прайшоўшы квест-гульню “Чароўнае слова”, выхаванцы старшай групы № 1 знайшлі ў розных кутках сваёй групы літары слова “Дзякуй”.

Прайшлі гульнявыя практыкаванні “Каму я магу сказаць “Дзякуй”, “За што мы кажам “Дзякуй” і іншыя. Разам з дзецьмі мы паразважалі над праблемнымі сітуацыямі “Што трэба зрабіць, каб пачуць “Дзякуй”, “Што будзе, калі знікнуць чароўныя словы падзякі”. І самае галоўнае, да чаго падводзілі дзяцей, што словы падзякі павінны быць шчырымі і ісці ад сэрца. Дзецям прачыталі літаратурныя творы Васіля Сухамлінскага “Прыгожыя словы і прыгожыя справы”, “Няўдзячнасць”, “Для чаго кажуць “Дзякуй?” і іншыя, якія вучаць дзяцей, для чаго і калі трэба казаць чароўныя словы.

Выхаванцы падзякавалі ўсім работнікам дзіцячага сада, уключаючы тых, чыя праца для дзяцей не заўсёды бачная. У дзень “Дзякуй” кожны меў магчымасць сказаць, за што дзякуе, і падарыць паштоўку. Паштоўкі атрымаліся розныя: і кветкі, і сэрцы, і сонейка, і вясёлка, і ўсмешка і нават цукерка.

 

Дзеці з вялікай адказнасцю рабілі паштоўкі, каб падараваць іх сваім блізкім і сказаць дзякуй. Яны з хваляваннем чакалі сваіх бацькоў, сустракалі іх чароўнымі словамі падзякі і прыгожымі паштоўкамі. Радаваліся ў гэты незвычайны дзень усе: і бацькі, і дзеці, і педагогі, бо гэта выдатны спосаб закласці добрыя манеры ў дзіцяці разам са станоўчымі эмоцыямі.

Наталля  РЭДЗЬКА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий