Вучні Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы добра ведаюць, што ў снежную пару дапамога вельмі патрэбная пажылым людзям. Не чакаючы запрашэння, яны адпраўляюцца па адрасах.
Пачатак студзеня сёлета выдаўся снежным. І калі дзятва з задавальненнем катаецца на санках і лыжах, гуляе ў снежкі і ўзводзіць снежныя крэпасці, то пажылым людзям снегапады прынеслі пэўныя нязручнасці.
Школьнікі з валанцёрскага атрада «Рука дапамогі» Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы 13 студзеня прынялі ўдзел у абласной валанцёрскай акцыі «Зімовая пара добрых спраў». Валанцёры аказалі дапамогу адзінокім грамадзянам пажылога ўзросту ў аграгарадку Канюхі. Яны старанна пачысцілі снег на дваровых тэрыторыях.
Дапамога пажылым – не сезонная акцыя, а магчымасць нагадаць кожнаму, што тварыць дабро проста. Разам мы зробім гэты свет дабрэй!
Вольга АНТАНОВІЧ,
дырэктар
Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна