На базе сярэдняй школы № 37 Гродна дзейнічае валанцёрскі атрад “Добрыя сэрцы”. У аснове яго дзейнасці ляжыць простая, але надзвычай важная ідэя пра тое, што ў грамадстве заўсёды ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў якой-небудзь дапамозе, і ёсць людзі, гатовыя адгукнуцца, робячы гэта па ўласнай ініцыятыве, добраахвотна.
Усведамленне магчымасці змяніць нешта ў грамадстве, у навакольным свеце ў лепшы бок, неабходнасці несці дабро, разуменне сваёй адказнасці і асабісты ўклад у вырашэнне грамадскіх сацыяльных праблем закладвае падмурак паспяховасці чалавека як асобы.
Высокі ўзровень сфарміраванасці валанцёрскіх кампетэнцый будзе спрыяць паспяховай сацыялізацыі моладзі, а ў далейшым – яе адаптацыі да будучай прафесійнай дзейнасці. Сацыяльная значнасць маладзёжнага валанцёрскага руху выключна высокая: гэта цэнтр фарміравання грамадска-грамадзянскай сталасці асобы, якая развіваецца праз удзел у сацыяльна значных справах.
Асаблівасцямі валанцёрскага руху ў Беларусі з’яўляюцца педагагічная аснова, наяўнасць кіраўніка-спецыяліста, адыход ад матэрыяльнай і фінансавай дапамогі, сістэматычнасцьузаемадзеяння з мэтавай групай, вузкае кола задач, што вырашае валанцёрскаеаб’яднанне.
Валанцёраў-навучэнцаў у нашай школе рыхтуе педагог-арганізатар Настасся Рагачоўская.
Спектр кірункаў работы “Добрых сэрцаў” досыць шырокі і ўключае ў поле сваёй дзейнасці як традыцыйныя справы (дапамога пажылым і адзінокім людзям, арганізацыю працоўнай дзейнасці, дабрачынных і інфармацыйна-асветніцкіх акцый), так і актуальныя для сучаснага грамадства (прапаганда здаровага ладу жыцця, прававыя пытанні). Удзел у валанцёрскім аб’яднанні забяспечвае ўключэнне дзяцей у сацыяльна-значную дзейнасць, што спрыяе фарміраванню іх лідэрскай пазіцыі, развіццю ініцыятывы і грамадскай актыўнасці, дапамагае здабыць жыццёвы вопыт. Валанцёрская дзейнасць выклікае ў вучняў жаданне дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў гэтым.
Валанцёры прынялі актыўны ўдзел у правядзенні суботнікаў па добраўпарадкаванні ўстановы адукацыі і прылеглай тэрыторыі. Па іх ініцыятыве была праведзена экалагічная акцыя “Дзень азелянення”. Летась на школьнай тэрыторыі валанцёры высадзілі больш за 60 саджанцаў бярозы.
Праводзяцца валанцёрскія акцыі па аказанні дапамогі ветэранам “Дзякуй за Перамогу!”, “Ветэран жыве побач”, якія далі магчымасць моладзі выказаць словы глыбокай і шчырай удзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Валанцёры аказвалі дапамогу ветэранам педагагічнай працы, маці загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, добраўпарадкоўвалі мемарыяльны комплекс вязням канцлагера “Шталаг-324”, былі актыўнымі арганізатарамі і ўдзельнікамі акцый “Нашы дзеці”, “Цуды на Каляды”.
Удзельнікі “Добрага сэрца” выступаюць ініцыятарамі і арганізатарамі розных мерапрыемстваў, круглых сталоў, фестываляў, сацыяльных праектаў, акцый.
Адным з самых памятных для навучэнцаў стаў дзень аптымістычнага матыватара. Працавалі тэматычныя пляцоўкі, фотазона “На пазітыве ў аб’ектыве”, прайшла акцыя “Ільняное поле пазітыву” (на блакітных “кветачках лёну” жадаючыя пісалі пазітыўныя выразы), дынамічны флэшмоб “Ты і я – разам мы сям’я”.
Яшчэ адзін з кірункаў работы валанцёрскага атрада–традыцыйная акцыя “Папяровы бум – чысты горад”, якая праводзіцца ў нашай школекожную трэцюю суботу. За першае паўгоддзе было сабрана больш за 1 т макулатуры.
З надыходам снежнай зімы і маразоў валанцёры падхапілі абласную акцыю “Зімовая пара добрых спраў”. Дапамаглі адзінокім пажылым людзям расчысціць снег на падворках, ачысцілі ад снегу мемарыяльны комплекс вязням канцлагера “Шталаг-324” і школьны каток.
Існуе шырокі спектр дзейнасці, дзе патрабуецца валанцёрская дапамога, таму кожны малады чалавек, навучэнец можа выбраць для сябе той кірунак добраахвотніцкай работы, які адпавядае яго патрэбам і дае магчымасць рэалізаваць уласныя памкненні.
Вольга ЧАРАПАНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 37 Гродна