- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Фестываль снежных скульптур

 

23 студзеня, напярэдадні Сусветнага дня снегу, што праводзіцца ў перадапошнюю нядзелю студзеня, навучэнцы Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Іўеўскага раёна сталі ўдзельнікамі фестывалю снежных скульптур.

У прызначаную гадзіну хлопчыкі і дзяўчынкі, узброеныя гуашшу, акварэллю, пэндзлікамі і іншымі рэчамі, дружна пачалі працу па загадзя падрыхтаваных эскізах. Праз дзве гадзіны, стомленыя і задаволеныя, яны прадставілі на суд гледачоў і журы выдатныя творы. Каго тут толькі не было!

У малодшых школьнікаў атрымаліся прыгожыя рыбка, грыбок і сонейка, а ў дружнай каманды пяцікласнікаў і шасцікласнікаў з’явіўся выдатны і вясёлы васьміног. Яны любаваліся сваёй работай і кожны сфатаграфаваўся са скульптурай.

Даволі арыгінальнай аказалася снежная выдумка сямікласнікаў – ялінка, а побач пянёк, на якім размясціўся казачны Калабок.

Васьмікласнікі зляпілі чароўнага бычка – сімвал 2021 года. А дзесяцікласнікі вырашылі ўсіх парадаваць вясёлай сямейкай снегавікоў.

Школьны двор ператварыўся ў казачны гарадок, у які з задавальненнем прыходзяць на экскурсію жыхары вёскі і фатаграфуюцца на памяць.

Фестываль стаў яркай падзеяй, а ў школьным двары “вырасла” казка.

Святлана ЧАКАВАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий