ШАГ: інтэлектуальная індустрыя Беларусі

- 20:22ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 Ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні прайшла чарговая сустрэча ў Школе Актыўнага Грамадзяніна на тэму “Беларуская навука: у нагу з часам”.

Прысутныя разважалі пра прыярытэтныя кірункі развіцця інавацый у краіне, пра ролю навукі ў стварэнні эканомікі ведаў, у распрацоўцы інавацыйных рашэнняў для ўстойлівага развіцця.

На сустрэчу з вучнямі быў запрошаны Расціслаў Шчасны – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кандыдат педагагічных навук, заслужаны настаўнік Беларусі.

У пачатку мерапрыемства навучэнцы даведаліся пра вышэйшую дзяржаўную навуковую арганізацыю Рэспублікі Беларусь – Нацыянальную акадэмію навук – і пра яе ролю ў вызначэнні кірункаў і шляхоў развіцця краіны.

Вялікую цікавасць у старшакласнікаў выклікала інфармацыя пра дасягненні беларускай навукі: вынаходствы ў машынабудаванні, прыборабудаванні, энергетыцы, мікрабіялогіі, медыцыне, фармацэўтыцы і іншых галінах.

Вядучыя сустрэчы адзначылі, што шлях у навуку можа пачынацца ўжо са школьнай лавы. Важнае месца ў рэалізацыі прыярытэтных кірункаў адукацыі ў сучасным інфармацыйным грамадстве займае навукова-даследчая дзейнасць вучняў. Штогод у нашай школе праходзіць конкурс даследчых работ навучэнцаў і педагогаў. Паспяхова выступаюць школьнікі і ў традыцыйнай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.

Кіраўніком многіх вучнёўскіх даследчых работ па гісторыі і грамадазнаўству быў менавіта Расціслаў Шчасны. Падчас сустрэчы ён распавёў старшакласнікам пра свой шлях у навуку: як вучыўся ў інстытуце, аспірантуры, пра свае навуковыя працы ў галіне педагогікі. Многія з яго артыкулаў знаходзяцца ў музеі нашай установы.

– Адукаваны чалавек – візітоўка сучаснай Беларусі, – завяршыў сваё выступленне Расціслаў Сцяпанавіч. – Я жадаю вам поспехаў у вучобе і новых адкрыццяў. За моладдзю – наша будучыня і будучыня ўсёй краіны.

Напрыканцы мерапрыемства навучэнцам было прапанавана працягнуць фразу “Каб стаць навукоўцам, трэба…”. Усе прысутныя сышліся ў меркаванні, што дасягнуць вышынь немагчыма без таленту, упартай працы і пастаяннага самаўдасканалення.

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Марына ГРЫНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий