Студэнты-аграрыі завіталі ў школу

- 20:53ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 У Суботніцкай сярэдняй школе Іўеўскага раёна сустракалі ўдзельнікаў рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Зімовы маршрут” – атрад “Азімыя”, сфарміраваны з ліку студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. У цэнтры ўвагі атрада – профільныя агракласы.

Першы аграклас у Суботніцкай школе быў сфарміраваны ў 2018/2019 навучальным годзе. Сёння ў агракласе займаюцца шэсць вучняў 10-га класа. Яшчэ не ўсе “агракласнікі” зрабілі выбар будучай прафесіі, таму сустрэча з атрадам “Азімыя” была як раз дарэчы.

Студэнты з натхненнем распавядалі пра свой універсітэт, а старшакласнікі з цікаўнасцю слухалі іх. Але не толькі размовы вяліся ў гэты дзень. Байцы атрада “Азімыя” правялі шмат цікавых мерапрыемстваў для ўсіх школьнікаў. Так, вучні 1–2 класаў сталі ўдзельнікамі чэмпіянату па зборы патрыятычных пазлаў, вучні 3–4 класаў сваімі рукамі зрабілі ляльку-абярэг падчас майстар-класа “Азбука беларускага арнамента”. Для навучэнцаў 5–6 класаў праведзена мерапрыемства па здаровым ладзе жыцця. Старшакласнікі прынялі ўдзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах. Дзень быў насычаны рознымі справамі: канцэртная праграма, спартыўныя спаборніцтвы, дыскатэка, валанцёрская дапамога.

Час ідзе хутка. Раніцай атрад “Азімыя” пакінуў школу, але засталіся яркія ўражанні, у многіх вучняў, нават у малодшых школьнікаў, з’явілася жаданне стаць студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Вучань 3-га класа Раман Лянцэвіч пасля танцавальнага флэшмоба сказаў маме: “Пайду вучыцца ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, бо там вучаць прыгожа танцаваць”.

Ірына ЯЦКЕВІЧ,
класны кіраўнік 10-га класа
Суботніцкай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий