“Дзеці – бацькі: гаворым на розных мовах”, “Маладзёжны слэнг у сучасных зносінах”, ”Інтэрнэт-мова. Чыя яна?”. Такія тэмы раскрылі ў даследчых кейс-праектах “Знайсці агульную мову” удзельнікі маладзёжнага інтэлектуальна-пазнавальнага марафона “Мы разам!”, арганізатарамі якога з’яўляюцца Цэнтр турызму і краязнаўства “Ветразі” Магілёва і сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне “Спадчына”.
Мова – прылада мыслення. Яна з’яўляецца ўніверсальным сродкам зносін, навучання, выхавання, фарміравання светапогляду чалавека.
Ва ўсе часы маладое пакаленне маментальна рэагавала на змены ў соцыуме, яікія маланкава адбіваліся на яго мове. З’яўляўся жаргон і незразумелыя для большай часткі дарослых словы. Сучасная моладзь – не выключэнне. Камп’ютарызацыя, сацыяльныя сеткі, сродкі масавай інфармацыі ў значнай ступені ўплываюць на фарміраванне культуры мовы падлеткаў. І калі раней маладзёжны слэнг быў прыметай бунтарства, то сёння – гэта ўжо даніна модзе. А як жа самі падлеткі адносяцца да слэнгу і жаргона ў мове?
“Ава”, “ізі”, “дзвіж”, “рофл”, “чэлік”, “крынж” … Дзіўныя словы. Хаця дзіўнымі яны здаюцца толькі старэйшаму пакаленню, а вось моладзь лёгка патлумачыць іх значэнне.
Нядаўна ў Беларуска-Расійскім універсітэце прайшла абарона лепшых праектаў каманд – удзельнікаў марафона, якія выйшлі ў фінал. Гэта каманды сярэдніх школ № 19, 21, 23, 25 Магілёва і каманда школы № 17 Смаленска Расійскай Федэрацыі.
Напярэдадні ўдзельнікі правялі вялікую даследчую работу. Яны праводзілі апытанні аднагодкаў і бацькоў, высвятлялі стаўленне педагогаў да маладзёжнага слэнгу, даведваліся пра меркаванні спецыялістаў-псіхолагаў і філолагаў, вывучалі тэму ў даследчай літаратуры і інтэрнэт-крыніцах. А пасля ўсё гэта паклалі на паперу, аформілі ў прэзентацыі і нават знялі відэаролікі. У выніку атрымаліся найцікавейшыя распрацоўкі, якія былі высока ацэненыя экспертамі з журы.
“Слэнг – гэта жартаўліва-іранічная моўная гульня. Гаварыць на ім – значыць быць арыгінальным ці крэатыўным, значыць быць “у трэндзе”. Менавіта камічны, гульнявы эфект з’яўляецца галоўным у слэнгавым тэксце. Бо гэта ўсяго толькі словаўтварэнне”, – такі пункт гледжання ў сваім праекце адлюстравалі навучэнцы сярэдняй школы № 21 Магілёва.
У іншых каманд марафону была падобная пазыцыя: “Слэнг з’яўляецца тэндэнцыяй пакалення ў кожнай эпохі – ці то дзеці рэвалюцыі, стылягі 50-х ці сучасныя падлеткі. Маладзёжны жаргон – з’ява хуткаплынная. Ён быў, ёсць і будзе існаваць заўжды. Важна ўмела яго выкарыстоўваць”.
“Падлетак у 15 гадоў у стане адэкватна асэнсаваць мяжу выкарыстоўвання маладзёжнай мовы. Размаўляючы са сваімі сябрамі і аднагодкамі, кожны з нас выдатна разумее, што нельга выкарыстоўваць такі фармат зносін з незнаёмымі нам людзьмі, з дарослымі, на ўроках, з педагогамі, у грамадскіх месцах і г.д. Напрыклад, падлеткі не стануць пісаць школьнае сачыненне, ужываючы слэнг, хутчэй будуць прытрымлівацца акадэмічнай мовы”.
У той жа час, усе ўдзельнікі кейс-праекта асэнсоўваюць бясспрэчны факт, што слэнг, жарганізмы, словы-паразіты забруджваюць гаворку. Мова становіцца нядбайнай і ўсечанай, слоўнікавы запас марнее.
“Часцяком мы бавім час у сацыяльных сетках са сваімі аднагодкамі. Акрамя гэтага, у інтэрнэце хапае платформаў, на якіх зносіны на маладзёжным слэнгу з’яўляюцца нормай. Ва ўсіх нас бракуе вольнага часу, а хочацца ўсюды паспець. Таму ўваходзіць у звычку размаўляць на маладзёжнай мове, якая часцяком і мае на ўвазе выкарыстанне скарочаных слоў. Галоўным становіцца хуткая і эфектыўная перадача думак, а пісьменнасць і культура мовы сыходзіць на другі план”.
Каманда сярэдняй школы № 23 Магілёва распрацавала апытанне, куды ўключыла 50 слоў сучаснага маладзёжнага слэнгу і столькі ж слоў слэнгу 90-х гадоў. Адказаць на пытанні прапанавалі групе падлеткаў і іх бацькоў.
“У выніку мы высветлілі, што пры зносінах з дапамогай слэнгу непаразуменне прадстаўнікоў розных пакаленняў узрастае, бо поўнага разумення лексічнага значэння няма як сярод бацькоў, так і сярод дзяцей. Аднак бацькі лепш ведаюць слэнг падлеткаў. Сямнаццаць дарослых удзельнікаў на 50 % правільна растлумачылі словы. Сярод дзяцей толькі чатыры ўдзельнікі змаглі дакладна вытлумачыць 50 % слоў з жаргона бацькоўскага пакалення. Гэта сведчыць пра тое, што дарослыя разумеюць слэнг сваіх дзяцей, але гэта не азначае, што зносіны іх могуць будавацца з дапамогай мовы, якая выходзіць за рамкі літаратурнай нормы”.
Непасрэдна ў сям’і фарміруецца стаўленне да мовы, закладваецца падмурак павагі і любові да роднага слова. Школа і педагогі дадаюць тэарэтычных ведаў і практыкі, фарміруюць патрэбнасць развіваць культуру мовы, глыбей вывучаць яе вытокі. Менавіта культура мовы з’яўляецца важнейшым інтэлектуальным паказчыкам развіцця асобы. Задача бацькоў і педагогаў – пабуджаць дзяцей удасканальваць уласную мову. Бо чым багацейшае і больш вобразнае слова, тым больш упэўнена адчувае сябе чалавек.
Такім чынам, усе ўдзельнікі праекта аднадумна сышліся ў меркаванні, што ні адзін слэнгавы стыль, якім бы сёння модным ён ні быў, не заменіць прыгажосці і велічы літаратурнай мовы.
Дзіна ХРЫТОНЕНКА,
метадыст Цэнтра турызму і краязнаўства “Ветразі” Магілёва