- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Краіна Акцябрат

 

У дружыне імя Пятра Клыпы Суботніцкай сярэдняй школы адбыўся ўрачысты прыём навучэнцаў 2-х і 3-х класаў у акцябраты. Арганізацыю папоўнілі 11 сумленных, дружалюбных і актыўных рабят.

Да гэтага дня яны рыхтаваліся даўно, вучылі правілы і ўрачыстае абяцанне акцябрат. І вось наступіў доўгачаканы момант. Хлопчыкам і дзяўчынкам прапанавалі здзейсніць незабыўнае падарожжа ў Краіну Акцябрат. А для таго, каб трапіць туды, ім трэба было наведаць станцыі “Адгадай-ка”, “Гістарычная”, “Загадкавая”, “Пагуляй-ка” і “Ветлівасць”. На станцыях іх чакалі чароўныя героі з краіны Няведанне – Адзінка, Двойка, Клякса, Памылка і вясёлы Нязнайка. Нашым маленькім адважным дзецям прыйшлося папрацаваць і выканаць розныя заданні. Справіліся яны на выдатна і паказалі, якія яны разумныя, кемлівыя, адказныя, вясёлыя і дружныя.

Актывісты піянерскай дружыны, а таксама намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце А.В.Камар, класны кіраўнік А.В.Жыгарын уручылі хлопчыкам і дзяўчынкам акцябрацкія зорачкі. Чароўная Краіна Акцябрат расчыніла перад імі свае дзверы.

На гэтым выпрабаванні для акцябрат не заканчваюцца. Іх чакаюць новыя заданні, якія дазваляюць на практыцы праявіць усе якасці, уласцівыя акцябратам: надзейнасць, вытрымку, смеласць, стараннасць, сумленнасць і праўдзівасць. Пажадаем ім удачы і творчых поспехаў!

Марына НАРБУТ,
педагог-арганізатар
Суботніцкай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий