Адраджэнне народных рамёстваў – справа цікавая

- 19:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Працягваючы знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай Лідскага краю, вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды наведалі Лідскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”.

Дзеці ўжо не раз наведвалі ў цэнтры заняткі, прысвечаныя адраджэнню народных рамёстваў. Мінулы раз, напрыканцы восені, іх увазе былі прапанаваны майстар-класы па пераборным пляценні, стварэнні ніткавых паясоў, розных відах ткацтва. Юныя майстры пазнаёміліся з разнавіднасцямі ткацтва, даведаліся, як раней ствараліся ніткі і якія існавалі віды рамёстваў. Самае галоўнае тое, што дзеці не толькі даведваліся пра гэта ў тэорыі, але і пазнавалі на практыцы. Кожны меў магчымасць паспрабаваць сябе ў тэхніцы пераборнага ткацтва і стварыць сваімі рукамі ўзор “Багацце”, які нашы продкі выкарыстоўвалі пры вырабе пакрывалаў, ручнікоў, элементаў адзення.

У зімовы час васьмікласнікі наведалі яшчэ адзін майстар-клас, на гэты раз па кераміцы. Занятак, па меркаванні юных рамеснікаў, стаў самым хвалюючым, бо праца з глінай выклікала ў іх як прыемныя ўражанні, так і невялікія расчараванні на пачатку. Майстар-кераміст Алена Свідэрская прапанавала навучэнцам стварыць свае вырабы ў жгутавай тэхніцы. Спачатку – невялікія парады ад педагога, і праца закіпела. Стараўся кожны. Юныя керамісты раскачвалі гліну ў тонкія жгуты, потым налеплівалі іх адзін зверху другога, каб яны шчыльна прылягалі. Далей рабілі насечкі на сваім вырабе, змазваючы шлікерам, і прыдавалі форму па жаданні.

За гадзіну працы атрымаліся выдатныя кубкі. Але гэта яшчэ не ўсё: вырабы павінны былі прайсці працэс сушкі і апальвання ў печы. Толькі праз тыдзень усе змаглі ўбачыць свае керамічныя шэдэўры.

Вось такія цікавыя і незвычайныя для сучасных дзяцей заняткі могуць наведаць усе лідчане і госці горада. У плане знаёмства з народнымі рамёствамі лідскім школьнікам пашанцавала, бо ў іх ёсць магчымасць наведваць заняткі па адраджэнні шэрагу рамёстваў: кераміцы, вышыванні, саломапляценні, выцінанцы, дрэваапрацоўцы і нават ткацтве.

Усім, у каго ёсць жаданне і цікавасць да рамёстваў, хто хоча адрадзіць традыцыі мінулага лідскага краю, мы раім наведваць Лідскі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”.

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий