Будучыня краіны залежыць ад каштоўнасных арыенціраў, мыслення і паводзін падрастаючага пакалення. Менавіта таму 11 лютага свята “Зімовыя забавы” у спецыяльным яслях-садзе № 138 Гомеля вырашылі правесці, надаўшы асаблівую ўвагу папулярызацыі беларускай мовы, прапагандзе народных традыцый і абрадаў.
“Гуляем разам!” – пад такім дэвізам распачалі новы дзень. Выхаванцы груп, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інавацыйнага праекту “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”, разам з педагогамі пабывалі ў гасцях у дзеда Васіля і бабы Васіліны. Васіль і Васіліна распавялі дзецям пра культурныя традыцыі беларускага народа, якасці беларусаў (дабрыню, гасціннасць, талерантнасць, добразычлівасць), культурныя каштоўнасці, звычаі, святы і абрады. Усе разам яны з задавальненнем гулялі ў беларускія гульні, ляпілі пабудовы са снегу, каталіся на санках.
Свята атрымалася, як заўсёды, вельмі пазнавальным, займальным, разнастайным, цікавым і маляўнічым. Дзякуючы падобным мерапрыемствам у дзяцей выхоўваюцца лепшыя духоўныя традыцыі, любоў да роднага краю, роднай зямлі.
Людміла ЛІСІМАВА,
загадчык спецыяльнага ясляў-сада № 138 Гомеля
для дзяцей з парушэннямі зроку