Каб даступна знаёміць маленькіх выхаванцаў з гісторыяй роднага краю, далучаць іх да вытокаў нацыянальнай культуры і народных традыцый, у яслях-садзе г. п. Мір створаны музей-экспазіцыя “Беларуская хатка”.
Тут сабраны сапраўдныя прадметы народнага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Міні-музей стварае ўнікальны фармат для асваення дзецьмі багацця нацыянальных культурных традыцый, укладу жыцця народа, духоўных каштоўнасцей. Ён аб’ядноўвае адукацыйны працэс з рэальным жыццём, знаёміць малых з прадметамі і з’явамі.
У сапраўдных музеях чапаць нічога нельга, а ў нашым міні-музеі не толькі можна, але і трэба. Можна самастойна мяняць, перастаўляць экспанаты, браць іх у рукі і разглядаць. Дзецям вельмі падабаецца сустракацца з гаспадарамі хаткі – дзядулем Ясем і бабуляй Янінай. Маленькім гасцям у хатцы дазваляецца памераць лапці, боцікі-снягоўцы, “узбіць” масла ў маслабойцы, пакруціць калаўрот, паставіць чыгунок у печ сапраўдным гаршчэшнікам, пакалыхаць дзіцятка ў калысцы, разгледзець зблізу вышытыя ручнікі, тканыя дыванкі, пагуляць з саламянымі, глінянымі, драўлянымі цацкамі. Так узнікае цікавасць да гісторыіі з’яўлення экспаната, лягчэй засвойваюцца новыя веды. Пры арганізацыі заняткаў у міні-музеі выкарыстоўваюцца розныя мастацкія сродкі. Загадкі, прыказкі, прымаўкі пра экспанаты музея дапамагаюць данесці да дзяцей матэрыял больш даступна і цікава.
Наведвальнікамі хаткі з’яўляюцца не толькі выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту, але і дзеці малодшых груп, для якіх экскурсіі праводзяць і выхавальнікі, і дашкольнікі старшай беларускамоўнай групы інтэграванага навучання і выхавання.
Так, у рамках тэматычнага тыдня беларускай мовы выхаванцы старшай беларускамоўнай групы разам з выхавальнікам М.Е.Пятровіч і музычным кіраўніком А.І.Богуш падрыхтавалі для малятаў пазнавальна-забаўляльную праграму “Кола часу”. Дзеці пазнаёмілі сваіх малодшых сяброў з папярэднікамі сучаснай тэхнікі і іх дзеяннем: прадэманстравалі, як раней гладзілі бялізну прасам на вуглях ці з дапамогай качалкі і валіка, як білі масла, як гатавалі ежу ў печы, як асвятлялі хату без электрычнасці. Пагулялі з малымі ў народныя гульні “Вожык і мышы”, “Грушка”, павесялілі песняй “Саўка ды Грышка ладзілі дуду”.
А асабліва прыемным сюрпрызам для дзяцей быў пачастунак з печы – сапраўны духмяны пірог, які Гаспадынька дастала на сапраўднай лапаце для хлеба!
Наступным мерапрыемствам, на якое запрасілі гаспадары сваіх маленькіх гасцей, будзе фальклорнае свята “Масленіца”. Дашкаляты ўжо з нецярпеннем чакаюць новых цікавых сустрэч у “Беларускай хатцы”.
Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г. п. Мір
Карэліцкага раёна