21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень ЮНЕСКА абвясціла днём абароны ўсіх моў. У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры, які праходзіць у Субацкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе, з вучнямі 8-га класа была праведзена віктарына.
Віктарына “Знакамітыя людзі зямлі беларускай” складалася з сямі блокаў: “Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі”, “Знакамітыя асветнікі Беларусі”, “Вядомыя вучоныя з Беларусі”, “Вядомыя ў мастацтве беларусы”, “Знакамітыя касманаўты з Беларусі”, “Вядомыя палітыкі з Беларусі”, “Чэмпіёны з Беларусі”.
Падчас мерапрыемства гучалі вершы на беларускай мове, вучні даведаліся шмат цікавага пра таленавітых беларусаў, якія сваёй дзейнасцю і выдатным жыццёвым шляхам праславілі свой родны край, раскрылі багаты побыт Беларусі, стварылі вобразы роднага народу, збераглі для нас яго мову.
Вельмі прыемна было пачуць, што васьмікласнікі ведаюць і паважаюць Максіма Багдановіча, які мове бацькоў і прадзедаў навучыўся з кніг, жывучы далёка ад роднай Беларусі, добра ведаў рускую, французскую, нямецкую мову, але вершы пісаў на беларускай; Марка Шагала, знакамітага ўраджэнца Беларусі, вядомага ва ўсім свеце як класіка авангардызму ў выяўленчым мастацтве, які жыў у Францыі, але амаль усе свае палотны прысвяціў роднаму Віцебску.
Падлеткі былі вельмі здзіўленыя, калі пачулі, што адным з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі “Метра-Голдвін-Маер”, а таксама амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук быў кінематаграфіст, які нарадзіўся ў Мінску, Луіс Барт Маер. Менавіта ён прапанаваў штогод уручаць прэмію “Оскар”. Не абышлі ўвагай і знакамітых беларускіх сучаснікаў: алімпійскіх чэмпіёнаў Вікторыю Азаранка, Дар’ю Домрачаву, Юлію Несцярэнка; лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлану Алексіевіч.
Напрыканцы мерапрыемства дзеці зачыталі радкі з выдатнага твора Антуана дэ Сент-Экзюперы, калі Маленькі Прынц спытаўся ў кветкі: “Дзе ж людзі?” І пачуў у адказ: “Іх носіць ветрам. У іх няма каранёў…” І вучні зрабілі выснову: быць без каранёў, не адчуваць павагу да тых мясцін, дзе нарадзіліся, да тых людзей, што жылі да нас, – значыць быць безаблічным, не быць сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.
Спадзяюся, што ў нашых вучняў будзе жыць пачуццё гонару за вядомых і таленавітых людзей Беларусі, што нашыя дзеці таксама вырастуць шчырымі патрыётамі свайго роднага краю.
Таццяна ЯРЭМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна