Якасная работа па далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да роднай мовы, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання магчыма ва ўмовах паслядоўнага, сістэматычнага працэсу з выкарыстаннем розных форм і метадаў работы.
Мінулы тыдзень у Дварчанскім дзіцячым садзе – базавай школе быў абвешчаны тыднем беларускай мовы. Актыўны ўдзел у ім прынялі выхаванцы рознаўзроставай інтэграванай групы. Кожны дзень тыдня быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі і меў сваю тэматычную назву: “Мой родны кут, як ты мне мілы …”, “Па старонках беларускіх казак”, “Беларускі народны куточак”, “Беларускі народны фальклор”, “21 лютага – Міжнародны Дзень роднай мовы”.
У нашай дашкольнай установе працавала літаратурна-мастацкая гасцёўня “Беларусь мая сінявокая”, дзе дзецям былі прадстаўлены казкі, вершы, апавяданні беларускіх аўтараў. Дашкольнікі разам з вучнямі старшых класаў школы прынялі ўдзел у пазнавальна-тэатральнай праграме “Няма смачней вадзіцы, як з роднай крыніцы”.
Вельмі цікава прайшла сюжэтна-гульнявая праграма спартыўна-аздараўленчай накіраванасці “Забава” з выкарыстаннем беларускіх народных гульняў “Вожык і мышы”, “Гарачыя гаршочкі”, “Каша” і “Бульба”. Займальным быў і занятак-падарожжа па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” “У госці да бабулі Алены”.
Важнай умовай далучэння дзяцей да роднай мовы з’яўляецца цесная ўзаемасувязь з бацькамі. Для гэтага педагагічныя работнікі прапанавалі бацькам разам з дзецьмі наведаць мясцовую бібліятэку (акцыя “Чытаем беларускія казкі”), правялі гутарку “Гавары са мной па-беларуску”.
Марына СТАНКУЦЬ
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Дварчанскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна