У гімназіі Ляхавіч прайшла дэкада беларускай мовы і літаратуры, якая праводзілася з мэтай павышэння цікавасці да роднай мовы, літаратуры і нацыянальнай культуры, развіцця творчых здольнасцей дзяцей, іх далучэння да лепшых узораў сучаснай айчыннай музычнай творчасці, знаёмстваса спадчынай пісьменнікаў-землякоў і пісьменнікаў-юбіляраў.
Дэвізам дэкады сталі словы Яўгеніі Янішчыц:
Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
На ўсіх паверхах гімназіі вучні размясцілі каля 100 паэтычных і празаічных выказванняў пра непаўторнасць, мілагучнасць і багацце роднай мовы. Дзецям было прапанавана вывучыць дзесяць з іх на памяць, каб атрымаць высокую адзнаку па беларускай літаратуры. Першыя “дзясяткі” ўжо пастаўлены!
У фае гімназіі зладзілі фотазону “Беларускія матывы”, размясцілі выставу, прысвечаную пісьменнікам-юбілярам Івану Мележу, Івану Шамякіну і Андрэю Макаёнку. Вучні пачатковых класаў падрыхтавалі выставу малюнкаў паводле сюжэтаў беларускіх казак. На працягу тыдня малодшыя школьнікі ў час перапынкаў глядзелібеларускамоўныя мультфільмы.
Гімназісты выконвалі заданні з QR-кодамі “Пазнай пісьменніка” і “Эстафеты вясёлых задач”, правялі акцыі“Гавары са мной па-беларуску” і “Смачныя словы беларускай мовы”.
Дэкада была насычана інтэлектуальнымі конкурсамі і займальнымі задачамі. Адбылася экскурсія па віртуальным музеі “Пад страхою прадзеда”, працавала літаратурная гасцёўня “У родным краі – як у раі”. Са сцэны гучалі байкі Кандрата Крапівы, замовы Ніла Гілевіча і незабыўныя лірычныя адступленні з яго рамана ў вершах “Родныя дзеці”.
Па выніках дэкады былі адзначаны лепшыя вучні.
С.В.ЕРМАКОВІЧ,
кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання
настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры
гімназіі Ляхавіч