Святочны тыдзень у пачатковай школе

- 13:13ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Традыцыйным стала ў Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна правядзенне прадметных тыдняў, сярод якіх асабліва вылучецца тыдзень пачатковай школы, якая на гэты час ператвараецца ў святочную пляцоўку для прыгод і адкрыццяў! Усе вучні атрымліваюць задавальненне ад інтэлектуальных конкурсаў, зносін, дэманструюць уменне працаваць калектыўна.

Каб тыдзень прайшоў ярка і незабыўна, настаўнікі пачатковых класаў рыхтаваліся задоўга да яго правядзення. Правялі апытанне вучняў наконт іх інтарэсаў і пажаданняў. Нам хацелася не толькі забяспечыць актыўны, інтэлектуальны і эмацыйна насычаны адпачынак у пазаўрочны час, але і стварыць умовы для раскрыцця здольнасцей кожнага дзіцяці.

На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай адкрыццю тыдня пачатковай школы “Марафон ведаў”, дзеці атрымалі індывідуальныя і калектыўныя заданні на заўтрашні дзень і, вядома, у іх узнікла вялікае жаданне прадэманстраваць усе свае веды, уменні і стаць пераможцамі.

Запамінальнымі, інтэлектуальна значнымі былі ўсе прадметныя дні тыдня. Асабліва святочным і ўрачыстым стаў дзень беларускай мовы “З любоўю да роднай мовы”. Арганізуючы цікавае і змястоўнае падарожжа па роднай мове, нам хацелася не толькі далучыць вучняў да самабытнай беларускай культуры, стварыць умовы для фармірання цікавасці да беларускай мовы, выхавання любові і павагі да духоўных скарбаў свайго народа, але і яскрава паказаць, што роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча.

Дзяўчынка Васілінка сустрэла ўдзельнікаў нашага свята хлебам-соллю, бо такі добры звычай маюць беларусы здаўна. Нездарма наш народ лічыцца вельмі гасцінным і добразычлівым.

Падчас сур’ёзнай і цікавай вандроўкі вучні пераканаліся, што мова нясе ў сабе культуру і звычаі той краіны, дзе на ёй размаўляюць. Усе без выключэння сталі ўдзельнікамі турніру “Знаўцы роднай мовы”, дзе ў цікавых спаборніцтвах разгадалі мноства загадак, сустрэліся з героямі любімых беларускіх казак, адчулі практычнае значэнне народных прымет, падзівіліся мудрасці беларускіх прыказак і прымавак, пабывалі ў краіне Фразеалогія. У нашым турніры ўсе сталі пераможцамі, бо кожны з удзельнікаў, хоць і маленькі, але адчуў, што менавіта яму як прадстаўніку новага пакалення неабходна захаваць родную мову.

Удалае спалучэнне розных інтэрактыўных форм правядзення дазволіла зрабіць асаблівым кожны дзень, які меў сваю прадметную накіраванасць, свой дэвіз і тэматыку. Па выніках арганізаваных спаборніцтваў былі выяўлены пераможцы інтэлектуальных конкурсаў, яны атрымалі свае ўзнагароды.

Можна з упэўненасцю сказаць, што тыдзень пачатковай школы прайшоў у атмасферы зацікаўленасці, творчасці, даследавання, супрацоўніцтва, бо лейтматывам яго стаў заклік “Вучыцца з радасцю!”. Ён паказаў высокую выніковасць работы пачатковых класаў, інтэлектуальны патэнцыял нашых вучняў, якія, бясспрэчна, упішуць свае імёны ў слаўны гістарычны летапіс нашай установы адукацыі.

Ірына РАЧКО,
настаўнік пачатковых класаў
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий