- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вучым. Ведаем. Выконваем.

 

Самыя маленькія выхаванцы ясляў-сада № 2 Свіслачы прынялі актыўны ўдзел у авалоданні правіламі бяспечных паводзін, стаўшы ўдзельнікамі пазнавальнага праекта “Вучым. Ведаем. Выконваем”, які праходзіў у рамках тыдня бяспекі.

Кожны дзень праекта меў сваю тэматычную накіраванасць і ахапіў усе бакі ведаў пра бяспеку: “Бяспека на дарозе”, “Пажарная бяспека”, “Бяспека ў побыце”, “Бяспека ў прыродзе”. Памятаючы пра тое, што важнае значэнне для атрымання і замацавання ведаў мае прадметна-развіваючае асяроддзе, я вырабіла і размясціла ў кутку бяспекі новы дыдактычны матэрыял: макеты дарогі, святлафора і вогнетушыцеля, дыдактычныя гульні “Што будзе, калі…”, “Агонь-добры і злы”, “Школа святлафорных навук”, “Асцярожна: небяспечныя прадметы”, наглядныя дапаможнікі.

Праект ахапіў як спецыяльна арганізаваную, так і нерэгламентаваную дзейнасць выхаванцаў. Паўдзельнічаўшы ў занятках “Дарожная азбука”, “Не жартуй з агнём”, “Як пазбегнуць бяды”, “Заўсёды на варце”, малыя пазнаёміліся з правіламі паводзін пешаходаў і пасажыраў, даведаліся шмат новых фактаў пра прафесіі пажарнага, міліцыянера і лекара, навучыліся клікаць на дапамогу і дзейнічаць у небяспечнай сітуацыі.

Асновы бяспекі хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігалі падчас гутарак “Запалкі – дзецям не цацка”, “Небяспечныя прадметы”, “Як паводзіць сябе на прагулцы”, “Незнаёмыя людзі”, “Чырвоны, жоўты, зялёны”, гульнявых сітуацый “Як запалка дзяцей падманула”, “Святлафорыч у нас у гасцях”, “Дзе хаваюцца небяспекі?”.

Яркія ўражанні ад небяспекі, якая можа зыходзіць, калі не выконваць пэўныя правілы, атрымалі дашкольнікі падчас чытання і абмеркавання твораў мастацкай літаратуры. Мы чыталі “Тры мядзведзі” Л.Талстога, “Казку пра неразумнае мышаня” і “Кошкін дом” С.Маршака і “Як дзеці пераходзілі вуліцу” Н.Калінінай. А паўдзельнічаўшы ў інсцэніроўках казак “Калабок” і “Воўк і сямёра казлянят”, мае дашкаляты змаглі не толькі навучыцца прадбачыць небяспеку, але і праявіць свае творчыя здольнасці.

Атрыманыя веды выхаванцы замацоўвалі ў развіваючых і рухомых гульнях “Правілы нескладаныя, але затое надзейныя”.

Актыўна праявілі сябе хлопчыкі і дзяўчынкі ў прадуктыўнай творчай дзейнасці. Яны дапамаглі навесці парадак на вуліцах Горада Цацак (аплікацыя “Святлафор”), паабяцаўшы не гуляць з запалкамі, патушылі Злы Агонь (нетрадыцыйнае маляванне “Каб агонь стаў сябрам”), дапамаглі Кошцы выбрацца з палаючага дома (лепка “Пажарная лесвіца”).

Не засталіся ў баку і бацькі маіх выхаванцаў. Ажыўлена і прадуктыўна прайшоў вечар пытанняў і адказаў “Знаўцы бяспекі”, на які былі запрошаныя прадстаўнікі экстранных службаў. Папка-перасоўка “Бяспечнае дзяцінства” і розныя памяткі папоўнілі ўзровень ведаў бацькоў па пытаннях бяспекі.

Завяршэннем праекта стала выстава малюнкаў “Давайце жыць бяспечна”, да ўдзелу ў якой творча падышла кожная сям’я.

Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий