Напярэдадні самага цудоўнага і ласкавага вясновага свята – Міжнароднага жаночага дня – у Асінаўшчызненскім яслях-садзе – пачатковай школе Смаргонскага раёна была праведзена конкурсная праграма “А-ну, дзяўчаты, а-ну, прыгажуні!”
Дзяўчынкі загадзя падзяліліся на дзве каманды – “Папялушкі” і “Прынцэсы”, каб прыняць удзел у спаборніцтвах. А дзе ёсць спаборніцтвы, там ёсць і журы. На гэты раз справядліва ацэньвалі ўсе конкурсы дырэктар Наталля Дурэйка і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жанна Грышан. У конкурсах дзяўчынкі змаглі праявіць усе свае таленты, паказаць знаходлівасць, кемлівасць, спрытнасць і працавітасць. Яны паспрабавалі сябе ў ролях цырульніка, кухара, рукадзельніцы, гаспадынькі. У інтэлектуальных конкурсах нашы разумніцы адгадвалі загадкі, успаміналі казкі, рашалі лагічныя задачы.
Паміж конкурсамі хлопчыкі віншавалі дзяўчынак: чыталі ім вершы, спявалі песні, ігралі на музычных інструментах і танцавалі. Вядучы прапанаваў маленькім джэнтльменам скласці жартоўнае віншаванне, а дзяўчынкі, каб павесяліць хлопчыкаў, падрыхтавалі ім прадказанні лёсу.
Падлічыўшы балы за конкурсы, журы аб’явіла, што ўсе ўдзельніцы – разумныя, працавітыя і спрытныя, таму перамагла дружба.
Мерапрыемства скончылася ўручэннем віншавальных паштовак і салодкіх пачастункаў. Усе прысутныя атрымалі шмат прыемных эмоцый. Святочная праграма пакінула на памяць добры і сонечны настрой.
Наталля ПАРЖОН,
настаўнік пачатковых класаў
Асінаўшчызненскага ясляў-сада — пачатковай школы
Смаргонскага раёна