У яслях-садзе № 3 Зэльвы прайшло свята “Мамін дзень”.
Дзеці былі адзеты па-святочнаму, а самае галоўнае – настрой: ён быў радасны і прыўзняты, бо менавіта ў гэты дзень яны віншавалі матуль і бабуль, дарылі ім падарункі, якія зрабілі сваімі рукамі.
Рыхтаваліся хлопчыкі і дзяўчынкі загадзя, развучвалі вершы, песні, танцы, гумарыстычныя сцэнкі, а на святочным канцэрце яны пераўтвараліся ў вядучых і артыстаў.
Усмешку ва ўсіх выклікала жартоўная сцэнка, у якой дзве дзяўчынкі спрачаюцца, чыя мама лепшая. У спрэчцы дапамог выхавальнік, ён даў магчымасць зразумець, што кожная мама самая важная і патрэбная. Кранулі матуль песні, якія дзеткі прысвяцілі ім – самым дарагім матулям.
Ну і як жа без гульняў! Выхаванцы з цікавасцю і задавальненнем адбіралі агародніну для баршчу і садавіну для кампоту. Каманды дзяўчынак справіліся са сваім заданнем. Пакуль яны гулялі ў гульню, хлопчыкі прымяралі да сябе ваенныя пілоткі. Вобраз салдата дапоўніў цацачны аўтамат. Калі хлопчыкі пачалі танцаваць, сэрца перапаўнялася гордасцю за іх. У танцы мы ўбачылі салдацкую выпраўку і будучых абаронцаў. Дзяўчынкі не адсталі ад хлопчыкаў. Яны пераўтварыліся ў рознакаляровую вясёлку, і святочная зала ўпрыгожылася рознымі колерамі. Танцавалі дзяўчынкі грацыёзна, прыгожа, напоўніўшы залу цеплынёй і святочным настроем.
Назіраючы за малымі, бачыш, як ім прыемна адчуваць, што многае могуць зрабіць самі. Сёння яны дзякавалі за тое, што матуля заўсёды зразумее, дапаможа, пашкадуе. А мы, выхавальнікі, ганарыліся, што нашы выхаванцы адчулі ўдзячнасць і змаглі праявіць яе.
Дзіна ВАРАНОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 3 Зэльвы