Гуканне Вясны

- 14:08МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

У Мышкавіцкай сярэдняй школы Кіраўскага раёна ёсць добрая традыцыя – праводзіць свята “Гуканне Вясны”. Вось і нядаўна з мэтай адраджэння і ўзнаўлення старадаўніх звычаяў, вучні 5–8-х класаў прынялі актыўны ўдзел у правядзенні свята.

Сярод абрадаў нашых продкаў аднымі з самых цікавых былі веснавыя святы. З вясны пачыналіся новыя клопаты пра будучы ураджай, вясной абуджалася прырода, і ад таго, наколькі цёплай і ўрадлівай будзе вясна, колькі дабра яна прынясе з сабою, залежалі дабрабыт і лад жыцця чалавека. У сакавіку пачынаюць вяртацца з поўдня жаўрукі, буслы. У гэтыя дні дзяўчаты спявалі песні, заклікаючы вясну прыляцець з цёплым летам, карабамі жыта, лубкамі гарошку. З першых сакавіцкіх дзён і пачынаўся ў старажытнасці цыкл веснавых святаў.

Першым абрадам, які адкрываў веснавы цыкл, быў абрад гукання вясны. У гэты дзень моладзь збіралася на грудах ці ўзгорках за сялом, а калі іх не было – на дахах клецяў, пуняў ці на ўзвышшах, і тут спявала свае песні-вяснянкі.

Вучні сёмых класаў падрыхтавалі цікавую праграму, якую адкрылі скамарохі з запрашэннем на свята. Маці Алена блаславіла дзяцей, Іванку, Ганначку і Марыльку “Зіму замыкаці, вясну сустракаці”, дала ім печыва ў выглядзе жаўрукоў: “Ідзіце на высокія мясціны, уверх і падкідвайце жаўрукоў, каб птушкі ўбачылі, да нас прыляцелі, на сваіх крыльцах Вясну прынеслі”.

Дзеці падкідвалі печыва, гукалі Вясну. Вельмі запамінальным быў выхад Вясны: з вершамі, загадкамі, з зернем, пажаданнем дабрабыту: “Каб кароўкі здаровыя дамоў вярталiся, ды дарогi не забывалiся. Куркi яечкi неслi”. Адным з персанажаў свята была Зіма, якая не жадала саступіць Вясне, доўга “сыпала снег”, але ўсё ж з дапамогай дзяцей, перамагла Вясна. На працягу свята ўдзельнікі і гледачы вадзілі карагод, гулялі ў “Ручаёк”, “Запляці пляцень”, пелі народныя песні.

Завяршылася мерапрыемства пачастункамі: блінамі з варэннем, пышкамі, аладкамі з гарачым чаем, якія дапамаглі падрыхтаваць вучням іх бацькі. Усе атрымалі прыемную асалоду ад свята і гульняў.

Наталля ШЧЭРБІЧ,
класны кіраўнік 7 “А” класа
Мышкавіцкай сярэдняй школы
Кіраўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий