Самае летуценнае вясновае свята – 8 Сакавіка – навучэнцы гімназіі № 1 Ашмян чакалі з нецярпеннем. З велізарным задавальненнем школьнікі рыхтаваліся да яго загадзя, каб здзівіць і павіншаваць сваіх любімых і паважаных настаўнікаў, класных кіраўнікоў, мам і бабуль, дзяўчынак.
Арганізаваць сустрэчу прыгожай паловы чалавецтва ў перадсвяточны дзень выпаў гонар навучэнцам 5 “Б” і 6 “Б” класаў, якія яшчэ вучацца ў ЦП “Паўночны Захад” пры Цэнтры развіцця футбола. Разам з класнымі кіраўнікамі яны падрыхтавалі сюрпрызы, салодкія букеты, шарыкі, арганізавалі фотазону, запісалі відэавіншаванне для кіраўніцтва нашай гімназіі на чале з Вольгай Саванец, а таксама для нашых паважаных і таленавітых настаўнікаў.
У гонар нашых цудоўных жанчын арганізавана выстава ў выглядзе васьмёркі “Матуля, галубка. Сонейка маё”, на якой прадстаўлены фатаграфіі мам нашых выхаванцаў з віншаваннямі, прысвечанымі гэтаму светламу святу.
На выставе “Залатыя маміны рукі” можна ўбачыць, якія нашы мамы і бабулі таленавітыя гаспадынькі. Тут і вышытыя карціны Надзеі Клінцэвіч, і алмазная мазаіка Алены Буйвід, якая з’яўляецца не толькі мамай нашай гімназісткі, але і настаўнікам англійскай мовы нашай гімназіі. Тут і плецены кошык Аксаны Бумар, і вязаны абрус, і нават нарыхтоўкі, якія прынеслі нашы вучні.
Хацелася б адзначыць, што кожны клас гімназіі рыхтуе віншаванні для сваіх любімых настаўнікаў. Гэта і відэавіншаванне, і шоў-праграма, і дэкламацыя вершаў, розныя конкурсы, прыемныя сюрпрызы, рэкламныя акцыі. І ўсё гэта для таго, каб стварыць вясенні і шчыры настрой у гэты дзень, выказаць словы падзякі і захаплення цудоўным жанчынам з пажаданнямі шчасця, здароўя, каб поспехі вучняў толькі радавалі, а ў сям’і былі любоў, сяброўства, павага, дабрабыт, мір і згода.
Сняжана БУРАЧЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6 “Б” класа
гімназіі № 1 Ашмян