З 1 па 6 сакавіка ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні праходзіў тыдзень творчасці. Усе дзеці – мастакі, трэба толькі раскрыць у іх творчы пачатак, навучыць праяўляць сябе з дапамогай творчасці – такой ідэяй былі аб’яднаны ўсе мерапрыемствы, якія праводзіліся на працягу тыдня.
Правядзенне тыдня творчасці спрыяе развіццю ў дзяцей мастацкіх і творчых здольнасцей, фарміраванню эстэтычнага густу.
На працягу ўсяго тыдня навучэнцы былі ўцягнуты ў разнастайныя творчыя мерапрыемствы. Пра цікавыя факты з жыцця геніяў мастацтва хлопчыкі і дзяўчынкі маглі даведацца падчас творчых хвілінак, а паўдзельнічаць у музычных флэшмобах – у час рухомых перапынкаў.
Клуб “Гаспадыня” правёў майстар-клас па кулінарыі “Дзе бліны, тут і мы”, прымеркаваны да святкавання Масленіцы. Таксама члены клуба паказалі майстэрства ў пашыве сумак-шопераў – вялікіх, ёмістых экасумак, распавялі пра гісторыю іх паходжання і асаблівасці выкарыстання.
Навучэнцы пачатковых класаў паўдзельнічалі ў конкурсе вырабаў “Казачныя істоты”. Дзеці ляпілі з пластыліну фігуркі незвычайных персанажаў, а затым распавядалі пра іх невялікую гісторыю, праявіўшы неверагодную фантазію.
З рознымі музычнымі інструментамі пазнаёміліся навучэнцы пачатковых класаў падчас музычнай гасцёўні “Якога колеру музыка?” З вялікай цікавасцю і стараннасцю працавалі дзеці ў майстэрні “Падарунак маме”, бо яны рыхтавалі сувеніры да 8 Сакавіка для сваіх любімых матуль.
Завяршыўся тыдзень творчасці выставай малюнкаў “Нашы мары спраўдзяцца!” Вучні намалявалі самыя светлыя, добрыя, неверагодныя мары, шчыра верачы ў выкананне ўсіх жаданняў.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні