- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дэкада адкрытых факультатыўных заняткаў

 

З мэтай развіцця цікавасці вучняў да вучэбных прадметаў у Шчорсаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна прайшла “Дэкада адкрытых факультатыўных заняткаў”.  

Такая форма прадугледжвае вялікую падрыхтоўчую работу, падчас якой настаўнік і навучэнцы атрымліваюць магчымасць узаемнага супрацоўніцтва, не абмежаванага рамкамі праграмы і часам вучэбнага занятку. Акрамя таго, дзеці могуць пазнаёміцца са светам навукі – цікавай і жывой, бо матэрыял для мерапрыемстваў, у большасці сваёй, падбіраецца займальнага і гістарычнага характару.

Падчас дэкады прайшоў конкурс “Ёсць ідэя!”, у рамках якога вучні прапаноўвалі свае ідэі па фармаце прадстаўлення занятку. Дзяўчынкі і хлопцы падбіралі матэрыялы, раіліся. Ішла дружная, актыўная работа навучэнцаў. Падбіраючы матэрыялы, дзеці многа даведаліся з гісторыі, інфарматыкі, біялогіі, матэматыкі, адкрылі для сябе цікавыя і таямнічыя факты. Самыя цікавыя ідэі былі выкарыстаны настаўнікамі.

У фае другога паверха быў аформлены стэнд “Цікавае – вакол нас!”, на якім штодня размяшчалася пазнавальная інфармацыя.

Кожны настаўнік падышоў да падрыхтоўкі з адказнасцю і творчым настроем, у выніку чаго факультатыўныя заняткі, прадстаўленыя падчас дэкады, атрымаліся разнастайнымі, цікавымі і захапляльнымі.

Педагогі ўпэўненыя, што праведзеныя мерапрыемствы спрыяюць не толькі паглыбленаму вывучэнню вучэбных прадметаў, але і развіццю асобасных якасцей навучэнцаў, актывізуюць іх разумовую дзейнасць, матывуюць да далейшай самаадукацыі і самаразвіцця.

Наталля ПАЧАБУТ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий