Смак закона Ньютана

- 15:52ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Насычана, разнастайна і крэатыўна прайшоў прадметны тыдзень матэматыкі, інфарматыкі і фізікі ў гомельскай сярэдняй школе № 44 імя М.А.Лебедзева.

Ці ведаеце вы, які на смак другі закон Ньютана? А на дотык? А вось нашы навучэнцы паспрабавалі пафантазіраваць на гэтую тэму і зараз дакладна ведаюць, што матэматычныя і фізічныя формулы маюць свой густ і тэкстуру. У рамках правядзення прадметнага тыдня матэматыкі, інфарматыкі і фізікі, ці па-простаму МІФ, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі заданне: зрабіць формулу сваімі рукамі.

Якія толькі формулы не апынуліся на тэматычнай выставе: і выкананыя ў тэхніцы квілінг, і вышытыя, і зробленыя з салёнага цеста… А некалькі майстрых-кулінараў прынеслі салодкія формулы, пасыпаныя цукровым пяском і ўпрыгожаныя масцікай. Праўда, да канца выставы гэтыя формулы не пратрымаліся: цеснае знаёмства з імі прыйшлося на чаяванне.           

Наогул, тыдзень МІФ атрымаўся вельмі насычаным і разнастайным. Традыцыйныя спаборніцтвы-конкурсы на лепшага “матэматыка”, “фізіка”, “інфарматыка” перамяжоўваліся з новымі формамі работы: QR-паляваннем і Viber-паляваннем. Разгадванне тэматычных крыжаванак і рэбусаў – са змаганнем па хуткасным зборы кубіка Рубіка. Навучэнцы 7-х класаў з задавальненнем знаёмілі першакласнікаў з дзіўным светам матэматычных галаваломак.           

Ужо ў пяты раз прайшоў у рамках тыдня МІФ конкурс фізічных эксперыментаў “Дзівоснае знаходзіцца побач”, і, як і ў папярэднія гады, навучэнцы 8–11-х класаў здзівілі журы разнастайнасцю досведаў. “Картэзіянскі вадалаз”, лававыя лямпы, “Паверхі”, фруктовыя батарэйкі, “Яйка ў бутэльцы” – вось толькі некаторыя фізічныя эксперыменты, прадэманстраваныя вучнямі. Бясспрэчным фаварытам конкурсу стаў навучэнец 9 “Б” класа Ілля Грыбаў, які паказаў “Танец музыкі”.           

На працягу прадметнага тыдня ў школе панавала незвычайнае ажыўленне, а месцам, дзе стартавалі конкурсы, была абраная “ФотаСушка” “Так нараджаюцца геніі”, на якой былі прадстаўлены лепшыя моманты прадметных тыдняў МІФ мінулых гадоў.

Вольга РОЎБА,
наместнік дырэктара
сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий