Сучасныя тэхналогіі імкліва пранікаюць практычна ва ўсе сферы нашага жыцця. Не застаецца ў баку ад гэтай тэндэнцыі і адукацыя. З 2017 года сярэдняя школа № 7 Смаргоні далучылася да рэспубліканскага праекта “Электронная школа”, пачаўшы ўводзіць у адукацыйны працэс анлайн-сэрвісы “Электронны дзённік/Электронны журнал”. Першапачаткова праца вялася на платформе Schools.by.
У верасні гэтага навучальнага года педагогі, бацькі і навучэнцы школы адмовіліся ад вядзення папяровых дзённікаў на карысць адзінай платформы электронных сэрвісаў для адукацыі https://znaj.by. Гэты дадатак стаў альтэрнатыўнай заменай папяровага дзённіка і журнала. Хатнія заданні, тэмы ўрокаў, адзнакі, каментарыі, заўвагі і іншая інфармацыя аўтаматычна загружаецца з электроннага “Класнага журнала”, які вядзе настаўнік. Навучэнцам такім чынам прасцей даведвацца пра хатняе заданне, калі яны не запісалі яго ці прапусцілі занятак. Бацькі бачаць, якую адзнаку іх дзіця атрымала, ці прысутнічала на ўроках. Настаўнікі маюць доступ да інфармацыі пра сваіх вучняў, а таксамада звестак пра іх паспяховасць.
На гэты момант на электроннай платформе https://znaj.by у нашай школе зарэгістраваны 73 педагогі, 875 навучэнцаў і 1137 бацькоў.
Платформа падвяла вынікі працы ў ІІІ чвэрці. Згодна з імі наша школа ўвайшла ў топ-10 па колькасці выстаўленых адзнак. Такому выніку спрыяў высокі ўзровень тэхнічнага абсталявання: ва ўсіх навучальных кабінетах школы на працоўным месцы настаўніка ўсталяваны камп’ютар або ноўтбук з выхадам у інтэрнэт. Дзякуючы своечасоваму выстаўленню адзнак і запісу каментарыяў бацькі маюць магчымасць “па гарачых слядах” рэагаваць на іх і карэкціраваць паводзіны сваіх дзяцей. А гэта спрыяе павышэнню агульнай паспяховасці.
“Няма большай мудрасці, чым своечасовасць”, – пісаў філосаф Фрэнсіс Бэкан. Дзякуючы платформе https://znaj.by гэтай мудрасці прытрымлівацца нескладана.
Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні