Мы з выхаванцамі беларускамоўнай старшай “А” групы ясляў-сада № 9 Ваўкавыска ў чарговы раз паглыбіліся ў вытокі культуры нашага краю і пазнаёміліся з цікавым, але малавядомым старажытным беларускім святам Камаедзіца.
Камаедзіца азначала наступленне вясновага раўнадзенства. З гэтага дня светлы час сутак павялічваўся, снег раставаў, і ў хуткім часе пачыналіся палявыя работы. Камаедзіца доўжылася два тыдні, а галоўнай дзеючай асобай старадаўняга абраду быў мядзведзь. Тлумачэнне вельмі простае: цэлую зіму ён спіць у сваёй бярлозе, а вясной вылазіць са свайго сховішча і адпраўляецца на пошукі ежы.
Камаедзіца – адно з самых старажытных вялікіх славянскіх святаў; акрамя галоўнага сэнсу свята – сустрэчы вясны, яно таксама мела характар шанавання мясцовага славянскага мядзведжага бога Кома. Яму прыносіліся ахвяры – першыя бліны ўрачыста адносілі ў лес. Нас вельмі зацікавіў гэты абрад.
З раніцы дзеці паслухалі казку-легенду пра дзвюх сястрычак – Марану (Зіму) і Лелю (Вясну), пра іх спрэчку, чаму Зіма не хацела адыходзіць і пры чым тут мядзведзь. Казка так спадабалася дзецям, што мы вырашылі ўзяць справу ў свае рукі і задобрыць Мядзведзя, каб хутчэй наступіла Вясна!
У ролі Мядзведзя выступіў наш выхаванец Захар, а ўсе хлопцы надзелі кашулі з вышыўкай.
Спачатку мы вадзілі карагод, а Мядзведзь салодка спаў у сваёй бярлозе. Потым вырашылі дапамагчы Мядзведзю прачнуцца пасля доўгай зімы і правялі старадаўнюю цырымонію: ляглі, як мядзведзі ў бярлозе, і павольна перакочваліся з боку на бок. А калі наш галоўны герой прачнуўся, пагулялі з ім у гульню “У мядзведзя ў бары”. Наш Мядзведзь аказаўся лагодным і з задавальненнем гуляў з хлопцамі. Цяпер мы чакаем сапраўднай вясны і цяпла!
Выхаванцам спадабалася ўзнаўляць старадаўнія абрады нашых продкаў, таму мы не спыняемся на гэтым, а будзем працягваць і далей знаёміцца з беларускімі святамі, каб захоўваць народную культуру.
Алена ІГЛІЦКАЯ,
выхавальнік
ясляў-сада № 9 Ваўкавыска