Святкавалі Камаедзіцу

- 8:04ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Мы з выхаванцамі беларускамоўнай старшай “А” групы ясляў-сада № 9 Ваўкавыска ў чарговы раз паглыбіліся ў вытокі культуры нашага краю і пазнаёміліся з цікавым, але малавядомым старажытным беларускім святам Камаедзіца.

Камаедзіца азначала наступленне вясновага раўнадзенства. З гэтага дня светлы час сутак павялічваўся, снег раставаў, і ў хуткім часе пачыналіся палявыя работы. Камаедзіца доўжылася два тыдні, а галоўнай дзеючай асобай старадаўняга абраду быў мядзведзь. Тлумачэнне вельмі простае: цэлую зіму ён спіць у сваёй бярлозе, а вясной вылазіць са свайго сховішча і адпраўляецца на пошукі ежы.

Камаедзіца – адно з самых старажытных вялікіх славянскіх святаў; акрамя галоўнага сэнсу свята – сустрэчы вясны, яно таксама мела характар шанавання мясцовага славянскага мядзведжага бога Кома. Яму прыносіліся ахвяры – першыя бліны ўрачыста адносілі ў лес. Нас вельмі зацікавіў гэты абрад.

З раніцы дзеці паслухалі казку-легенду пра дзвюх сястрычак – Марану (Зіму) і Лелю (Вясну), пра іх спрэчку, чаму Зіма не хацела адыходзіць і пры чым тут мядзведзь. Казка так спадабалася дзецям, што мы вырашылі ўзяць справу ў свае рукі і задобрыць Мядзведзя, каб хутчэй наступіла Вясна!

У ролі Мядзведзя выступіў наш выхаванец Захар, а ўсе хлопцы надзелі кашулі з вышыўкай.

Спачатку мы вадзілі карагод, а Мядзведзь салодка спаў у сваёй бярлозе. Потым вырашылі дапамагчы Мядзведзю прачнуцца пасля доўгай зімы і правялі старадаўнюю цырымонію: ляглі, як мядзведзі ў бярлозе, і павольна перакочваліся з боку на бок. А калі наш галоўны герой прачнуўся, пагулялі з ім у гульню “У мядзведзя ў бары”. Наш Мядзведзь аказаўся лагодным і з задавальненнем гуляў з хлопцамі. Цяпер мы чакаем сапраўднай вясны і цяпла!

Выхаванцам спадабалася ўзнаўляць старадаўнія абрады нашых продкаў, таму мы не спыняемся на гэтым, а будзем працягваць і далей знаёміцца з беларускімі святамі, каб захоўваць народную культуру.

 

Алена ІГЛІЦКАЯ,
выхавальнік
ясляў-сада № 9 Ваўкавыска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий