Ці патрэбна сёння даражыць мінулым, паважаць яго? Як выгадаваць і выхаваць сапраўднага чалавека, грамадзяніна? Як навучыць дзяцей такім маральным якасцям, як гонар, вернасць свайму слову, сіла волі. На якіх прыкладах гэта магчыма? На ўсе гэтыя пытанні вучні пачатковых класаў Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна спрабавалі знайсці адказ у час правядзення тыдня праваслаўнай кнігі.
Лічу, што патрэбна фарміраваць гэтыя маральныя якасці з самага ранняга дзяцінства. Як сказана ў прыказцы: гні дрэўца, пакуль яно яшчэ гнецца. Так патрэбна рабіць і ў адносінах да дзіцяці, дзіця – гэта дрэўца, а настаўнікі і бацькі – гэта садоўнікі.
У 2-м класе прайшла класная гадзіна “Абараняць Айчыну сёння – значыць жыць сумленна” па апавяданні Леаніда Панцялеева “Слова гонару” (“Честное слово”) ў форме сустрэчы з любімай кнігай. Сустрэча была арыентавана на прыцягненне вучняў да актыўнага чытання, каб знайсці адказ на галоўнае пытанне: для чаго аўтар напісаў гэта апавяданне, што такое сумленне?
У ходзе мерапрыемства было бачна, што апавяданне кранае душы маленькіх чытачоў. Былі розныя меркаванні. Дзеці як бы на сябе прымяралі сітуацыю. Усім хацелася пабываць у ролі хлопчыка. Сучасныя школьнікі не маглі зразумець, як маленькі хлопчык мог так доўга стаяць, ахоўваючы парахавы склад, а іншыя гаварылі, што зрабілі б так, як галоўны герой. Улічваючы той факт, што апавяданне было напісана напярэдадні вайны, атмасфера ваенная, таму нават гульня ўспрымалася дзецьмі сур’ёзна. На прыкладах, якія былі агучаны на сустрэчы, дзеці ўбачылі, што да вайны героі апавядання былі самыя звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Вучыліся, дапамагалі дарослым, разбівалі насы і калені. Іх імёны ведалі толькі родныя ды сябры. Прыйшоў час, і яны паказалі, якім вялікім можа стаць маленькае дзіцячае сэрца. Яны далі слова гонару абараняць сваю Радзіму, свой горад, сваю сям’ю і стрымалі яго.
Адказная справа ў апавяданні выпала на долю хлопчыка: для аховы парахавога складу яго на пост паставіў сам “маршал”. Мясцовая дзетвара пры гульні размеркавала воінскія званні сярод аднагодак і па-сапраўднаму выконвала свае ролі.
Дзеці даведаліся, што з далёкіх часоў дысцыплінарны статут узброеных сіл абвяшчае: “Загад начальніка ў любых умовах – закон для падначаленых”. На прыкладзе галоўнага героя зразумелі, што такое гонар, вернасць слову, сіла волі, як важна прымусіць сябе правільна дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі. Добрая справа не застаецца незаўважанай. Нават маёр адказаў поціскам рукі, тым самым паказаў сваю павагу да ўчынка хлопчыка, да яго слова гонару. Дзеці
наперабой выказвалі свае думкі. Яны заўважылі, што героі твора – мужчыны, няма жанчын. Станіслаў Аляксееў прыйшоў да высновы: “Хлопчыкі павінны паступаць па-мужчынскі. Я разумею, хлопчык плакаў, але ж ён выконваў свой абавязак, гэтым самым ён пераадольваў страх”.
Вельмі важна засцерагчы дзяцей, маладое пакаленне ад пустой душы, бездухоўнасці. Калі не звяртаць увагі на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей, то нават пры прымяненні розных сучасных методык мы не зможам атрымаць таго выніку, якога чакаем. Таму галоўная мая задача як педагога – развіццё інтэлекту школьнікаў у абавязковым спалучэнні з выхаваннем маральных якасцей.
На сустрэчу быў запрошаны настаяцель Барыса-Глебскай царквы айцец Ігар, які нагадаў самыя першыя радкі, з якіх пачынаецца Евангелле: “У пачатку было слова…”. Нашы словы – гэта насенне, з якіх вырастаюць нашы ўчынкі. І калі слова будзе сумленным, то і ўчынкі будуць сумленныя”.
Святар прыводзіў прыклады з жыцця святых, расказваў, як яны трымалі сказанае слова, паведаміў прытчу пра добрае і дрэннае слова.
Па рэакцыі дзяцей было відаць, што дзецям падабаецца ўдзельнічаць у мерапрыемстве, сустрэча кранула іх душы.
Як педагог я лічу: калі нам на мерапрыемстве ўдалося пасеяць хоць некалькі зярнятак духоўнасці ў свядомасці другакласнікаў, то яны абавязкова прарастуць для правільных учынкаў і будуць пачаткам поспеху ў адносінах з навакольнымі людзьмі.
Вось на такіх апавяданнях, яскравых прыкладах з жыцця герояў, пачынаючы з малодшага ўзросту, і трэба фарміраваць у дзяцей маральныя каштоўнасці, якія дапамогуць паступаць і жыць сумленна, у любой сітуацыі заставацца сапраўдным чалавекам.
Таццяна ЖЫЗНЕЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна