- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дзень працы ў дзiцячым садзе

 

З мэтай выхавання станоўчых адносін выхаванцаў да працы, развіцця працоўных уменняў і навыкаў, выхавання культуры працы, пашырэння ўяўленняў пра прафесіі ў інтэграванай групе № 3 Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы на канiкулах арганiзаваны тэматычны дзень працы.

Праца кіпела з самай раніцы: спачатку дзецi дзяжурылі ў вугалку прыроды – рыхлiлi зямлю, палівалі тыя кветкі, якім неабходны паліў, праціралі лісточкі ад пылу, апырсквалі вадой кветкі, якія нельга праціраць. Затым наступіла чарга дзяжурыць па сталовай – сервіроўка стала, уборка посуду пасля ежы – спраў малым хапала.

Далей выхавальнік І.А.Паўтарак правяла з выхаванцамі гутарку пра прафесію дворніка, пазнаёміла з інструментамі і інвентаром, які дворнік выкарыстоўвае ў сваёй працы, адзначыла значнасць і важнасць гэтай прафесіі для навакольных. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем адгадвалі загадкі пра інструменты, а ў гульнях “Для чаго патрэбныя прадметы?”, “Пратопчам дарожку” змаглі замацаваць атрыманыя веды.

Пасля гутаркі разгарнулася цэлая дыскусія наконт таго, якім чынам можна дапамагчы дворніку. Дзецi наперабой выказвалі свае думкі: не смеціць, збіраць каменьчыкі і галінкі, паліваць кветкі, рыхлiць зямлю, купіць новыя рыдлёўкі і граблі. А Ірына Анатольеўна прапанавала дашкалятам стаць дызайнерамі і намаляваць прыгожую мятлу для нашага дворніка. Малыя з захапленнем уключыліся ў працу – атрымаліся сапраўдныя аўтарскія работы!

На прагулцы дзецi, узброіўшыся граблямі і рыдлёўкамі, накіраваліся ў сад, каб дапамагчы дворніку, бо пасля зімы ў яго шмат клопатаў. Дашкаляты разам з выхавальнікам перакапалі зямлю каля дрэў, выраўнавалі яе граблямі.

На гульнявой пляцоўцы таксама высадзіўся працоўны дэсант: дзецi прыбралі смецце, дробныя галінкі, сухую траву, падмялі дарожку. Затым, каб крышачку адпачыць, паказалі свой спрыт і шпаркасць ў рухомай гульні “Мяцёлкi”.

Пасля абедзенага сну надышоў час чытання і спакойных гульняў. Пасля чытання верша У.Маякоўскага “Кім быць?” малыя падзяліліся сваімі марамі пра будучую прафесію. Хлопчыкаў цікавяць прафесіі пажарнага, будаўніка, доктара, а дзяўчынкі мараць стаць актрысамі, выхавальнiкамi і тэлевядучымі.

Успомнілі казкі “Тры парасяці”, “Рэпка”, байку І. Крылова “Страказа і мурашка” і абмеркавалі, што значаць такія якасці, як працавітасць і лянота, расказалі, як яны дапамагаюць дома родным і блізкім.

Дашкаляты зрабілі выснову, што праца вельмі патрэбная, яна складае аснову нашага жыцця, таму трэба паважліва і беражлiва ставіцца да працы іншых людзей, імкнуцца аказваць пасільную дапамогу дарослым.

 

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий