Маладзечна: мінулае і сучаснасць, альбо Чым жыве горад сёння

- 12:13ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

27 сакавіка навучэнцы 5-х класаў сярэдняй школы № 3 Смаргоні накіраваліся ў незвычайнае падарожжа па горадзе Маладзечна.

Старажытны па ўзросце, але вечна юны па характары, Маладзечна гасцінна запрашае гасцей. Дзякуючы сваёй шмагадовай гісторыі, горад знакаміты сваімі знакавымі і памятнымі мясцінамі, манументамі і архітэктурнымі ансамблямі. Таму паглядзець і падзівіцца нашым пяцікласнікам было на што.

Для ўсіх удзельнікаў экскурсіі знаёмства з горадам пачалося з чыгуначнага вакзала. Даехаць да Маладзечна можна як на цягніку, так і на электрычцы, што вельмі зручна. Ды і сама дарога займае вельмі мала часу і сіл амаль не аднімае. Менш за гадзіну спатрэбілася школьнікам са Смаргоні, каб дабрацца да культурнай сталіцы Міншчыны.

На выхадзе з галоўнага будынка вакзала ўвагу навучэнцаў прыцягнула на сябе скульптура падарожніцы – прыгожай маладой дзяўчыны з чамаданам, на якім сядзіць кот. Гэту фігуру навучэнцы ўбачылі ўпершыню, але адразу адзначылі, што яна вельмі добра ўпісваецца ў пейзаж на фоне станцыі. Далей маршрут пяцікласнікаў пралягаў па галоўнай пешаходнай вуліцы горада – вуліцы Прытыцкага, ці, як яе яшчэ называюць, “маладзечненскі Брадвей”. Уздоўж вуліцы размяшчаюцца шматлікія крамы ды супермаркеты. Яна вельмі шырокая і прасторная. Пяцікласнікі пазнаёміліся з галоўнымі навучальнымі ўстановамі горада – Маладзечненскім гандлёва-эканамічным каледжам і Маладзечненскім музычным каледжам імя М.К.Агінскага.

Падчас экскурсіі па горадзе навучэнцы наведалі парк Перамогі, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. На невялікім пагорку ў пачатку парку Перамогі размяшчаецца абеліск у гонар вызвалення Беларусі. Нешматлюдны парк прываблівае сваёй непаўторнасцю і велічнасцю. Тут кожны камень дыхае гісторыяй, гісторыяй гераічнага мінулага горада і ўсёй нашай краіны. Гуляючы па беразе возера, можна ўбачыць гарадскі амфітэатр, які з’яўляецца гонарам Маладзечна і галоўнай пляцоўкай шмалікіх канцэртаў і фестываляў.

Самым запамінальным і яркім момантам нашай экскурсіі стала наведванне Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Навучэнцы паглядзелі спектакль “Вучань ведзьмака, альбо бітва чарадзеяў” па п’есе Сяргея Бялова. Рэжысёр Алег Чачэнеў паставіў казку на сцэне зусім нядаўна, але яна ўжо займела сваіх прыхільнікаў. На працягу ўсяго спектакля гледачы былі ўцягнуты ў дзеянне, якое адбывалася на сцэне. Спектакль насычаны шмалікімі гукавымі і светлавыми спецэфектамі, што робіць яго больш яркім і запамінальным.

Не трэба ехаць далёка за межы Беларусі, каб убачыць нешта незвычайнае і дзіўнае, адкрыць для сябе новую Беларусь. І ў гэтым усе ўдзельнікі экскурсіі, безумоўна, упэўніліся.

 

Вольга ІЛЬІНА,
класны кіраўнік 5 “А” класа 
сярэдняй школы № 3 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий