На вясенніх канікулах юнакі дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту Воранаўшчыны сустрэліся на раённых спаборніцтвах па праграме летняга шматбор’я “Абаронца Айчыны” фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь сярод навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі.
Пераможцы ўнутрышкольных спаборніцтваў прадстаўлялі свае ўстановы адукацыі ў дзвюх узроставых групах: юнакі 15–16 гадоў і 17–18 гадоў.
Спартыўная база Воранаўскай сярэдняй школы максімальна выкарыстоўвалася для кантрольнай праверкі фізічнай і стралковай падрыхтоўкі юнакоў. У недалёкай будучыні іх чакае тэрміновая служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, дзе, несумненна, спатрэбіцца вопыт, атрыманы на спаборніцтвах.
У праграму ўвайшлі пяць відаў спаборніцкіх практыкаванняў: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі стоячы, падцягванне на высокай перакладзіне, бег 100 м з высокага старту, кіданне гранаты 700 г, бег 3000 м.
Раённы этап рэспубліканскай спартакіяды “Абаронца Айчыны” наглядна прадэманстраваў фізічную падрыхтоўку маладых людзей новага пакалення, валявыя якасці характару, уменне не пасаваць перад цяжкасцямі і жаданне ў будучыні стаць карыснымі сваёй Радзіме. І пахмурнае надвор’е не перашкодзіла юнакам на працягу спаборніцтва паказаць добрую падрыхтоўку.
Ужо 13–14 красавіка зборная каманда Воранаўскага раёна выступіць на абласных спаборніцтвах. Пажадаем нашым навучэнцам поспехаў!
Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
метадыст
Воранаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета