Праз гульню да сацыяльнай рэчаіснасці

- 8:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Сюжэтна-ролевую гульню можна смела назваць школай сацыяльных адносін. Выхавальнікі ясляў-сада № 24 Ліды прапанавалі дзецям сюжэтна-ролевыя гульні, робячы акцэнт на іх сучаснасць і актуальнасць. Такія гульні садзейнічаюць фарміраванню ў дзяцей уяўленняў пра прафесіі людзей, прылады іх працы, матэрыялы, неабходныя для стварэння прадметаў.

Гуляючы ў сюжэтна-ролевую гульню “Салон прыгажосці”, выхаванцы знаёмяцца з работай візажыста, стыліста, цырульніка. У сюжэтна-ролевай гульні “Ветэрынарная лячэбніца “Айбаліт” дзеці вучацца дзейнічаць з мікраскопам, медыцынскімі карткамі жывёл, рэцэптамі. Выхаванцы з цікаўнасцю гуляюць у сюжэтна-ролевую гульню “Малочны кансервавы камбінат”, у якой прадстаўлены ўвесь асартымент прадукцыі малочнага завода. Гэта гульня садзейнічае пашырэнню ўяўленняў дзяцей пра паслядоўнасць працэсу атрымання малочных прадуктаў. Не застаецца без увагі дзяцей сюжэтна-ролевая гульня “Турагенства”, у якой прапануюцца пуцёўкі не толькі ў іншыя краіны, але і па старонках Беларусі, роднай Ліды, напрыклад, “Ліда – гістарычная”. Трапіўшы ў банк, выхаванцы знаёмяцца з работай кансультанта, інкасатара, кіраўніка, касіра. Гуляючы ў сюжэтна-ролевую гульню “Атэлье”, дзіця можа быць і мадэльерам, і закройшчыкам, і швачкай, а наведвальнікі могуць аформіць заказ на пашыў прыгожай вячэрняй сукенкі, спадніцы, штаноў, ім прапануюцца розныя віды і колеры тканіны, таксама ў міні-кутку ёсць гардэробная, дзе ўжо вельмі шмат пашыта рэчаў для лялек.

 

Праз гульню дзеці паглыбляюць і сістэматызуюць уяўленні пра сучасныя прафесіі, абавязкі работнікаў розных сфер і ўвогуле пра навакольны свет. Сюжэтна-ролевыя гульні даюць магчымасць дашкольнікам удзельнічаць у сацыяльным жыцці, вырашаць канфлікты і ўмець дамаўляцца, выражаць свае эмоцыі і адэкватна ўзаемадзейнічаць з аднагодкамі.

Як вядома, каб стаць паспяховым чалавекам, неабходна быць максімальна развітай і сацыялізаванай асобай, менавіта сюжэтна-ролевая гульня і дазваляе засвоіць каштоўнасці, традыцыі і культуру грамадства.

 

Марына БУБЕН,
выхавальнік ясляў-сада № 24 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий