5 красавіка, у Міжнародны дзень маральнасці, у рознаўзроставай групе № 3 і групе інтэграванага навучання і выхавання Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна прайшоў тэматычны дзень.
Асновай маральных прынцыпаў з’яўляецца тое самае “залатое правіла”: паступаць у адносінах да другіх так, як хацелася б, каб паступалі ў адносінах да цябе самога. Такім чынам, у яго аснове ляжаць павага да правоў, пачуццяў, перакананняў другіх людзей, пабудова адносін паміж людзьмі на аснове міру і згоды. Менавіта гэтыя паняцці закладваюцца з дзяцінства і потым дапамагаюць у дарослым жыцці правільна вызначаць паняцці этыкі і маралі, вучаць адносінам на аснове павагі да правоў чалавека.
У гэты дзень нашы выхаванцы ўспомнілі добра вядомыя ім чароўныя словы, а дапамагла ім у гэтым “кветачка ветлівасці”, на кожным пялёстку якой запісаны асноўныя ветлівыя словы, якія выражаюць добразычлівасць да людзей.
У ходзе гульнявой сітуацыі “Добрай раніцы” дзеці даведаліся: каб увесь дзень быў добры настрой, трэба зранку быць ветлівымі і прыветнымі. У ходзе гульні-гутаркі “Птушка ўдзячнасці” выхаванцы вучыліся быць удзячнымі не толькі людзям, але і прыродзе. Падчас гульнявой сітуацыі “Простае слова выбачайце” дашкольнікі практыкаваліся ва ўменні прасіць прабачэння, калі кагосьці пакрыўдзіў. Нездарма ў народзе кажуць: “Ад ветлівых слоў язык не адсохне”.
Выхаванцам прапаноўваліся для абмеркавання розныя гісторыі і сітуацыі, пасля якіх дзеці выказваліся, як сябе трэба паводзіць, а як нельга, напрыклад, за сталом падчас прыёму ежы ці калі мама прыйшла стомленая з работы і інш. Разважалі і над такой сітуацыяй: як паступіць, калі двое дарослых размаўляюць, а дзіцяці ў гэты час неабходна штосьці важнае спытаць ці сказаць.
Такім чынам, ветлівыя словы выхоўваюць у дзяцей павагу да дарослых і аднагодкаў, дапамагаюць прааналізаваць свае ўчынкі, вучаць асноўным правілам паводзін у грамадстве, вучаць маральнасці.
Галіна ГАЎРОШ,
педагог сацыяльны
Гезгалаўскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна