На базе Клайшанскай базавай школы для 15 педагогаў установы адбыўся трэнінг “Прафілактыка прафесійнага выгарання педагогаў. Трэнінг эмацыйнай разгрузкі”. Заняткі правялі спецыялісты Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ала Аляксандраўна Габінская, загадчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі кандыдат філасофскіх навук і Дар’я Мікалаеўна Драгун, старшы выкладчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі.
Многія педагогі пасля некалькіх гадоў працы адчуваюць стан, блізкі да стрэсавага. Ім уласцівы пастаянная стома, галаўныя болі, агульнае пагаршэнне здароўя, выкліканае сардэчна-сасудзістымі парушэннямі, паслабленнем імунітэту. Чаму гэта адбываецца? Чаму праца не прыносіць радасць і пачуццё задавальнення?
Аказваецца, на гэта ёсць просты адказ – прафесійнае выгаранне. Паводле сучасных даных, пад прафесійным выгараннем разумеецца стан фізічнага, эмацыйнага і разумовага знясілення. Шматлікія даследаванні паказваюць, што педагог – гэта прафесія, якая ў вялікай ступені схільная ўплыву выгарання.
У працэсе трэнінгу педагогі пазнаёміліся з паняццем прафесійнага выгарання, навучыліся спосабам рэгуляцыі псіхаэмацыйнага выгарання, пазнаёміліся з практыкаваннямі для зняцця напружання. З дапамогай малюнкавага тэсту “Дарога, дрэва, гара, калодзеж, збан, мяшок, змяя” вызначылі свае перакананні, эмоцыі і прынцыпы паводзінаў у мінулым, сучаснасці і будучыні. Пры працы з ментальнымі картамі яны выявілі фактары стрэсу і рэсурсы для эмацыйнага і прафесійнага аднаўлення. У заключнай частцы педагогі выбралі для сябе “прытчу на сёння”, якая дапаможа навучыцца слухаць сябе, правільна клапаціцца пра сябе, каардынаваць эмоцыі і пачуцці, атрымліваць задавальненне, будаваць цёплыя адносіны.
Трэнінг прайшоў у атмасферы даверу і супрацоўніцтва, падняў настрой, наладзіў на пазітыўнае стаўленне да працы і дасягненне новых вынікаў у прафесійнай дзейнасці.
Самае галоўнае, што зразумелі педагогі: трэба праявіць увагу да саміх сябе – і жыццё ва ўсіх яго праявах прынясе радасць і сілы, каб “жыць, гарэць і не згасаць”.
Алена МІКША,
дырэктар Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна