Выхаванцы ясляў-сада № 7 Круглага далучыліся да ўдзелу ў рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу – 2021”.
У рамках акцыі з выхаванцамі спецыяльнай групы былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы: акцыя “Збяром макулатуру – захаваем дрэва!”, цыкл гутарак “Азбука бяспекі паводзін у лесе”, стварэнне віртуальнага фотаальбома “Лясы майго роднага краю”, конкурс малюнкаў “Захаваем нашу планету зялёнай”, віртуальная экскурсія “Па лясных сцяжынках”, выстава кніг “Лес – наш сябар”, прэзентацыя “Чырвоная Кніга Кругляншчыны”.
Самай яскравай і запамінальнай падзеяй для дзяцей стала высадка на тэрыторыі дзіцячага сада саджанцаў дуба, рабіны, клёна і ліпы. Кожны выхаванец групы з трапятаннем і адказнасцю выконваў давераныя яму даручэнні: дапамагаў укараняць, прысыпаў зямлёй, паліваў маладыя дрэвы.
Спадзяемся, дрэўцы прыжывуцца і хутка пацешаць нас маладой лістотай. А праз пэўны час разам з нашымі дзецьмі вырастуць і дрэвы. Так, чакаць гэтага прыйдзецца доўга. Затое, што гэта за цуд, калі сённяшнія малышы праз гады прывядуць у нашу дашкольную ўстанову ўжо сваіх дзетак і скажуць: “Паглядзі, гэта дрэва пасадзіў я!”.
Алена ЧУДАКОВА,
выхавальнік
ясляў-сада № 7 Круглага