У яслях-садзе № 15 Смаргоні прайшоў дзень здароўя пад дэвізам: “Я здароў’е берагу – быць здаровым я хачу!”.
Мэтай мерапрыемства было фарміраванне ў выхаванцаў здаровага ладу жыцця, павышэнне цікавасці да фізічнай культуры.
Дзень пачаўся з ранішняй гімнастыкі. Выхаванцы атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою. Разам з вясёлым Сонейкам адправіліся ў краіну Здароўя. Ва ўсіх групах педагогі правялі гутаркі і заняткі: “Што значыць быць здаровым?”, “Хто такія мікробы?”, “Вітаміны – абаронцы арганізма”; разнастайныя дыдактычныя гульні: “Што карысна, а што шкодна для здароўя”, “Апрані ляльку для прагулкі” і інш. На аснове серыі сюжэтных малюнкаў дзеці складалі апавяданні на тэму “Правільнае харчаванне”, “Любімыя віды спорту”.
Выхаванцы сярэдніх груп у цікавай гульнявой форме пераканаліся ў тым, як важна з малых гадоў клапаціцца пра сваё здароў’е. Музычна-рытмічная размінка з буфамі стварыла вясёлы святочны настрой. Дзеці замацавалі свае веды пра сродкі асабістай гігіены, правільна адказаўшы на пытанні, разгадаўшы загадкі, якія для іх падрыхтавалі хітрыя мікробы. А ўдзельнічаючы ў эстафетах “Перадай мяч”, “Вясёлыя калабкі”, “Чароўны яблык”, “Дзе жывуць вітаміны?”, выхаванцы паказалі ўменне пераносіць набыты рухальны вопыт у гульнявую дзейнасць. Напрыканцы свята ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз: смачны і карысны сок.
Цікава, дынамічна і займальна прайшлі спартыўныя спаборніцтвы для ўсіх удзельнікаў старшых груп. Выхаванцы замацавалі веды, як правільна займацца ранішней гімнастыкай, загартоўвацца, весці здаровы лад жыцця; удзельнічалі ў вясёлых гульнях, выканалі на фіт-болах вясёлы танец, прачыталі вершы і ўспомнілі прыказкі пра здароў’е.
Вось такім вясёлым і актыўным атрымаўся дзень здароўя. Хочацца верыць, што нашы выхаванцы захаваюць моцнае здароўе на доўгія гады.
Наталля МІТТЭРКОВА
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 15 Смаргоні