10 красавіка вучні 6–7 класаў гімназіі № 1 Іўя наведалі горад Нясвіж – скарбніцу беларускай гісторыі.
Амаль для ўсіх гэта было першае наведванне, адпаведна і ўражанняў, самых прыемных і станоўчых, – дзясяткі.
Пад промнямі красавіцкага сонца было цудоўна прагуляцца па нясвіжскіх вулачках і прысадах. Пачалося зведванне “маленькага Парыжа” з гістарычнага цэнтра старога горада – ратушы. Пазней накіраваліся да Слуцкай брамы, якая некалі ўваходзіла ў сістэму гарадскога ўмацавання і выконвала ролю ўязной брамы са Слуцкага тракта. А далей – будынак друкарні, помнік Сымону Буднаму, Фарны касцёл, багата дэкараваны фрэскамі, парк, размешчаны між азёрамі. Наколькі ж багаты Нясвіж на помнікі!
І нарэшце Нясвіжскі палац – былая рэзідэнцыя магутнага магнацкага роду Радзівілаў. Шыкоўнасць не магла не выклікаць захаплення. Дзеці з цікавасцю разглядалі ўбранства залаў. Залатая, Каралеўская, Гетманская, Мармуровая, Паляўнічая – гэтыя залы ўражваюць не толькі сваім аздабленнем, але і назвамі. Легенды пра схаваныя скарбы Радзівілаў і Чорную Даму, якія проста сыпаліся з вуснаў экскурсавода, надавалі яшчэ больш незвычайнасці і таямнічасці, выклікалі вялікае жаданне вярнуцца ў Нясвіж яшчэ раз. Вярнуцца з роднымі, сябрамі , каб зведаць гэты сапраўдны горад-помнік пад адкрытым небам, які сыграў важную ролю ў гісторыі Беларусі.
Галіна БАЛУНДА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі № 1 Іўя