Сустрэча гімназістаў з Сяргеем Заслаўскім

- 9:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Пасля сустрэчы з беларускім спартсменам Сяргеем Заслаўскім, якая адбылася ў гімназіі № 2 Ваўкавыска, многія навучэнцы задумаліся, а некаторыя адразу вырашылі ўсур’ёз займацца спортам.

Кожны гімназіст ведае пра карысць заняткаў спортам. Здаровы лад жыццця – гэта бадзёры, энергічны чалавек, які з лёгкасцю вытрымлівае ўсе выпрабаванні, мае адэкватную самаадзнаку, упэўнены ў сабе.

У гэтым яшчэ раз пераканала сустрэча, якая адбылася ў актавай зале гімназіі ў рамках рэспубліканскага праекта “За моцную Беларусь” пры падтрымцы Ваўкавыскага раённага камітэта, і стала падарункам для ўсіх прысутных. Вучні VIII–X класаў не верылі сваім вачам, што менавіта на нашай гімназічнай сцэне стаіць вядомы ва ўсім свеце майстар сілавых відаў спорта, які ўстанавіў некалькі сусветных рэкордаў, Сяргей Заслаўскі. Навучэнцы гімназіі ведалі, што ён з’яўляецца чатырохразовым рэкардсмэнам свету і “Кнігі рэкордаў Гiнеса”. І гэта яшчэ не ўсё: Сяргей Заслаўскі здзівіў увесь свет сваім рэкордам у адцісканні ад падлогі на кулаках – 101 раз за 60 секунд.

Два ўрокі праляцелі для дзяцей непрыметна хутка. У пачатку сустрэчы навучэнцы гімназіі пазнаёміліся з задачамі праекта “За моцную Беларусь”, а потым глядзелі відэаролікі пра жыццё і спартыўныя дасягненні Сяргея Заслаўскага. У практычнай частцы сустрэчы навучэнцам гімназіі спартсмен прадэманстраваў свае ўменні: адцісканні ад падлогі на двух кулаках, і нават на адным. Школьнікі дазналіся, што цяжкаатлет на брусах з цяжарам 26 кілаграмаў здолеў за 30 секунд выканаць складаныя практыкаванні 35 разоў.

А далей было для навучэнцаў яшчэ цікавей: можна было задаць спартсмену пытанні і нават падняцца да яго на сцэну. Калі Сяргей Заслаўскі запытаў, ці любяць хлопчыкі спорт, многа паднялося рук. Тады ён запрасіў гэтых навучэнцаў падняцца на сцэну. Ад радасці засвяціліся вочы нашых паклоннікаў спорту, і яны выконвалі ўсё, што ім гаварыў знакаміты спартсмен. Навучэнцы розных класаў паказвалі свае здольнасці пад прыемную рытмічную музыку, якую, дарэчы, склаў сам Сяргей Заслаўскі, які аказаўся яшчэ дыджэем і кампазітарам у жанры “тэхна”.

З захапленнем расказваў Сяргей Заслаўскі пра службу ва Узброеных Сілах. Хлопцы вельмі ўважліва слухалі, і па іх тварах было відаць, што яны вельмі зацікаўлены гэтымі рэчамі. Вучаніца IX “Б” класа Рэната Шмыгер пацікавілася, ці не хацеў бы Сяргей Сяргеевіч распачаць усё спачатку, і цалкам змяніць сваё жыццё. А Міхаіл Акудовіч з X “А” класа захацеў дазнацца, хто для госця з’яўляецца ідэалам у спорце.

Далей яшчэ былі пытанні пра рэжым дня, трэніроўкі, харчаванне, сняданкі і пра многае іншае. Паслухаўшы Сяргея Сяргеевіча, вучні зразумелі, што патрэбна кожны дзень праводзіць спартыўныя трэніроўкі, падтрымліваць рэжым харчавання, развіваць жыццёва важныя фізічныя якасці – спрытнасць, вынослівасць, хуткасць рэакцыі, смеласць. А яшчэ адмовіцца ад шкодных звычак – курэння, ужывання алкаголю і наркотыкаў, – і што менавіта ад гэтага непасрэдна залежыць спартыўная кар’ера. Гэтая сустрэча цалкам змяніла жыццё многім навучэнцам, яны зразумелі, што спорт з’яўляецца важным складнікам жыцця і здароўя чалавека.

Дасягненні атлета як бы паказваюць моладзі ўсяго света, што можна ўсяго дабіцца сваімі сіламі, без траты вялікіх грошай, і што трэба не сядзець склаўшы рукі каля камп’ютара, а дзейнічаць і мяняць сваё жыццё. Такія мерапрыемствы вельмі неабходныя для падрастаючага пакалення, і вельмі важна, што яны праходзяць не толькі ў спартыўным напрамку, але і патрыятычным – у рамках праграмы “За моцную Беларусь”.

Сяргей Сяргеевіч на сваім прыкладзе даказаў, што ад кожнага з нас залежыць моц, сіла і будучае нашай краіны.

 

Аляксандр ЛІЧЫК,
дырэктар гімназіі № 2 Ваўкавыска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий