Над экалагічнымі праблемамі разважалі вучні Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна ў рамках тыдня экалагічнага дэсанта “Будзь прыродзе сябрам”, які прайшоў з 12 па 17 красавіка.
На працягу тыдня ва ўстанове працавала “Скарбонка экалагічных ідэй”, у якую навучэнцы маглі ўнесці прапановы па зберажэнні энергіі, вады, цяпла.
Вучні пачатковых класаў мелі магчымасць паўдзельнічаць у інтэрактыўнай віктарыне “Сябры прыродзе”, дзе іх чакалі цікавыя пытанні і вясёлыя гульні пра дзіўны свет прыроды.
Падчас экападарожжа на планету смеццевага монстра вучні 5-га класа даведаліся, як правільна сартыраваць смецце і абараніць тым самым зямлю.
Навучэнцы 6–7-х класаў прынялі ўдзел у экалагічным квесце “Прыроднае багацце – будучым пакаленням”. Яго ўдзельнікі акунуліся ў гульнявыя прыгоды, на працягу якіх неабходна было пераадольваць разнастайныя перашкоды і выпрабоўваць свае сілы ў розных экалагічных конкурсах.
Творчыя здольнасці, фантазію і крэатыў прадэманстравалі школьнікі падчас падрыхтоўкі выставы “Экацуда”. Якіх толькі вырабаў не паступіла на выставу! Вучні праявілі сапраўды творчыя здольнасці, неардынарна падышлі да выканання творчых работ. Гэта і пано з пластыліну, каляровых стужак, ваты; і вазы, зробленыя з выкарыстаных аўтаручак, і многае іншае.
Цікавасць выклікаў таксама конкурс малюнкаў “Экалагічныя знакі”. Вучням было неабходна прыдумаць і намаляваць свой экалагічны знак. Па выніках мерапрыемства была арганізавана выстава работ, на якой аўтары расказалі пра значэнне свайго прыдуманага знака.
Завяршыў тыдзень экалагічны дэсант па ачыстцы лесу ад смецця. Пад спевы птушак і шум ветру школьнікі ачышчалі лясную тэрыторыю. Пластмасавыя бутэлькі, банкі, пакеты і іншае смецце было сабрана ў мяшкі і адпраўлена ў кантэйнеры. Такім чынам вучні не толькі паўдзельнічалі ў цікавым мерапрыемстве, але і зрабілі карысную справу.
Тыдзень праляцеў як адно імгненне – цікава, змястоўна, з карысцю для навакольнага асяроддзя.
Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна