З 12 па 17 красавіка ў Грынкаўскім дзіцячым садзе – базавай школе Свіслацкага раёна праводзіўся тыдзень прафарыентацыі, мэтай якога ставілася азнаямленне вучняў з сучаснымі прафесіямі, фарміраванне адказных адносін да выбару прафесіі, аказанне дапамогі сённяшнім школьнікам у прафесійным самавызначэнні.
На працягу тыдня праводзіліся розныя мерапрыемствы, у бібліятэцы была аформлена тэматычная выстава “У свеце прафесій”. Ва ўсіх класах прайшлі класныя гадзіны па прафарыентацыі, якія садзейнічалі пашырэнню ведаў вучняў пра сучасныя прафесіі, выхаванню павагі да людзей розных прафесій.
Трэцякласнікі сталі ўдзельнікамі гульні-падарожжа “Усе прафесіі важныя”. На класную гадзіну былі запрошаны і бацькі. Вольга Тапчан расказала дзецям пра важнасць прафесіі повара. Выконваючы розныя заданні на працягу гульні, вучні пераканаліся, што кожная прафесія патрэбная.
У 6-м класе праведзена класная гадзіна “Падарожжа ў свет прафесій”. Вучні ўспомнілі прыказкі пра працу, паразважалі пра прафесію сваёй мары, адгадалі загадкі пра розныя прафесіі. Тэст дапамог вызначыць схільнасць вучняў да пэўнага віду дзейнасці.
Сямікласнікі на класнай гадзіне па тэме “Прафесіі маіх бацькоў” расказалі, што ім вядома пра асаблівасці прафесіі таты або матулі.
У 8-м класе прайшоў час зносін “Хачу – магу – трэба”, у ходзе якога вучні атрымалі інфармацыю пра прафесійную дзейнасць чалавека і важнасць правільнага прафесійнага выбару для далейшага жыцця. З цікавасцю навучэнцы прайшлі тэсты на высвятленне схільнасці да кіруючых пасад, актыўна папрацавалі з інтэрнэт-крыніцамі ў пошуку самых папулярных прафесій.
У 9-м класе праведзена класная гадзіна “Як правільна выбраць свой шлях у жыцці”. Дзевяцікласнікі пазнаёміліся з правіламі выбару прафесіі, станам рынку працы ў раёне і вобласці, з навучальнымі ўстановамі краіны, даведаліся, якія прафесіі найбольш актуальныя сёння.
Вучні 1–6-х класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе малюнкаў “Прафесія маёй мары”. Класныя кіраўнікі выпусцілі інфармацыйныя бюлетэні “У свеце сучасных прафесій” для вучняў 5–8-х класаў, для дзевяцікласнікаў – інфармацыйны буклет “Выпускніку–2021”. Анкетаванне вучняў 7–9-х класаў “Кім я хачу стаць” паказала, якія прафесіі цікавяць сённяшніх школьнікаў.
Настаўнік Н.М.Трахімік на факультатыўным занятку “Мая прафесійная будучыня” у 9-м класе правяла камп’ютарнае тэсціраванне “Характар і прафесія”. Вучні змаглі ўбачыць, якія прафесіі ім найбольш падыходзяць у залежнасці ад складу характару. Для бацькоў навучэнцаў 7–9-х класаў былі арганізаваны кансультацыі па пытаннях выбару прафесіі “Шляхі атрымання прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.
Выхаваўчыя мерапрыемствы ў рамках тыдня дапамаглі вучням атрымаць новыя веды пра сучасныя прафесіі, садзейнічалі развіццю ў вучняў прафесійных інтарэсаў.
Марына САВОСЬКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна