Навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна пасадзілі ў лесе саджанцы сасны і бярозы, а каля школы – бярозавую алею “Ад пакалення да пакалення”.
Лес – адно з прыродных багаццяў нашай краіны. На сённяшні дзень важнасць лясоў толькі ўзмацняецца за кошт таго, што іх колькасць прыметна памяншаецца. Унесці свой уклад у зялёны фонд нашай краіны можа кожны. У нашай школе акцыя “Тыдзень лесу – 2021” была прымеркавана да Года народнага адзінства.
Галоўная мэта нашага ўдзелу – папулярызацыя беражлівых адносін сярод навучэнцаў да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, уцягванне падлеткаў у прыродаахоўную дзейнасць, развіццё пачуцця дачынення да вырашэння экалагічных праблем.
На працягу тыдня настаўнікі, тэхнічны персанал, навучэнцы прынялі ўдзел у пасадцы лесу ў Наваяльнянскім лясніцтве. Пасаджана 28 080 саджанцаў сасны і бярозы на 8,9 га. Вучні 5–8-х класаў заняліся ўборкай лесапаласы, якая прымыкае да Дварэцкага ільнозавода, прыбралі ад бытавога смецця плошчу ў 2,3 га.
Таксама адным з цікавых і займальных мерапрыемстваў для вучняў 1–4-х класаў стала гульнятэка “Гуляем з Дзедам Прыродаведам”, дзякуючы серыі кніг беларускіх пісьменнікаў Галіны і Сяргея Трафімавых “Апавяданні Дзеда Прыродаведа”. Дзеці не толькі прагледзелі цікавыя для іх кнігі, але і выканалі розныя гульнявыя заданні.
Выпускнікі і вучні пачатковых класаў пасадзілі ля школы бярозавую алею “Ад пакалення да пакалення”: такім чынам выпускнікі перадалі эстафету сваёй дзейнасці вучням пачатковых класаў.
Цяжка сабе ўявіць, што на месцы, дзе мы пасадзілі далікатныя саджанцы, вырасце густы і высокі лес. Але для нас галоўнае тое, што мы ўклалі ў гэтую справу часцінку сваёй душы, і нехта ў будучыні, гуляючы па лесе, які мы пасадзілі, і атрымліваючы асалоду ад прыгажосці, з удзячнасцю ўспомніць пра нас.
Віталь ІВАНАШКА,
педагог-арганізатар
Дварэцкай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна