Праблема наркаманіі распаўсюджваецца з шалёнай хуткасцю. Аднак рэальнасць не такая безнадзейная: існуе спосаб абароны ад небяспечнай хваробы – папярэджванне. З гэтай мэтай у Геранёнскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна прайшла вясновая антынаркатычная акцыя “Місія – жыць!”.
Інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць у школе пачалася з размяшчэння на сайце школы і інфармацыйных стэндах у фае тэматычнага матэрыялу па праблемах залежнасці для навучэнцаў, бацькоў, педагогаў.
З энтузіязмам аднесліся вучні школы, удзельнікі антынаркатычнага руху “Век”, да правядзення інтэрактыўнай акцыі “Бяспека заўсёды і ва ўсім”. Школьнікі вырабілі і распаўсюдзілі сярод жыхароў аграгарадка буклеты і лістоўкі, якія інфармавалі насельніцтва пра небяспеку, што нясуць у сабе наркотыкі і спайсы.
Пад дэвізам “Спорт супраць наркотыкаў!” прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, дзе вучні выразна паказалі сваю актыўную пазіцыю непрымання наркотыкаў, прапагандуючы здаровы лад жыцця.
Самым яркім і запамінальным стала выступленне актывістаў школы з флэшмобам “Рухайцеся больш – жывіце даўжэй”. Дзяўчынкі актыўна заклікалі ў танцы прытрымлівацца правілаў ЗЛЖ: рабіць зарадку, займацца спортам і мець светлыя і радасныя думкі.
Сваім пазітыўным настроем, жыццесцвярджальнымі думкамі дзяліліся члены атрада антынаркатычнага руху “Век” з аднагодкамі ў рамках падыходу “роўны навучае роўнага”.
Акцыя “Місія – жыць!” аб’яднала ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў імкненні прапагандаваць здаровы лад жыцця, шанаваць і любіць жыццё тут і цяпер. Мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках акцыі, нагадалі ўсім, што самае галоўнае для чалавека – гэта жыццё.
Т. ЗДОНЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Геранёнскай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна