- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Пралеска – усмешка вясны

 

Штогод 19 красавіка ў многіх краінах свету адзначаецца традыцыйнае прыгожае вясновае свята – Дзень пралескі. Трэці клас Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна таксама не застаўся ў баку ад святкавання гэтага дня. Яму было прысвечана класнае мерапрыемства “Пралеска – усмешка вясны”.

На мерапрыемстве трэцякласнікі даведаліся, чаму большасць відаў гэтай кветкі занесена ў Чырвоную кнігу. Нягледзячы на гэта, маленькія, далікатныя кветкі рвуць, не шкадуючы, зрываюць бярэмамі, выдзіраючы разам з цыбулінамі. Каб сярод школьнікаў было больш сяброў прыроды, быў паказаны відэаролік пра гэтыя дзіўныя кветачкі. Асабліва запомніліся дзецям легенды пра пралескі, якія па-рознаму апавядаюць пра паходжанне гэтага першацвета.

У ходзе мерапрыемства была праведзена гульня-віктарына “Вясна, вясна на вуліцы, вясновыя дзянькі”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі пра вясну, з’явы прыроды, пра жывёл вясной, пра першыя вясновыя кветкі, пазнаёміліся з кніжнымі выставамі “Свет раслін”, “Ахова прыроды – загад часу”, “Не рвіце першацветы!”. Трэцякласнікі адказвалі на пытанні віктарыны “Пісьменнікі і паэты пра вясну”, гулялі ў гульні “Адгадай гукі вясны” і “Вясновыя прыметы”.

Таксама дзеці інсцэніравалі казку “Пралеска”. У ёй расказвалася, як маленькая кволая кветачка з’явілася на свет і ёй было сумна ад таго, што яна адна. Не было ў яе ні блізкіх, ні родных, ні сяброў. Але потым пралеска сустрэла і зайчыка, і ваўка, і сонейка, якое дарыла цяпло і ўтульнасць.

У заключэнні мерапрыемства навучэнцы зрабілі высновы, што ў іх руках будучыня нашай цудоўнай планеты. Ім трэба стаць лепшымі сябрамі прыроды, якую трэба любіць, берагчы і прымнажаць. Менавіта пра гэта ім будуць нагадваць маляўнічыя памяткі “Беражыце першацветы – упрыгажэнне планеты!”, якія былі зробленыя ў выглядзе паштовак.

 

Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 3-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий