Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый малодшых школьнікаў у працэсе праектнай дзейнасці на ўроку беларускай мовы

- 10:51Методичка, Начальная школа. Идеи

 

Юлія СІЛАНЦЬЕВА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Гімназія № 2 г. Віцебска”

 

 

Кампетэнтнасны падыход прадугледжвае авалоданне навучэнцам ведамі і ўменнямі ў комплексе і стварае ўмовы для паспяховай сацыялізацыі асобы. Гэты падыход неабходны для таго, каб навучэнцы маглі ўжываць атрыманыя веды ў жыцці, дасягалі значных для іх вынікаў. Навучыць іх гэтаму можна шляхам распрацоўкі механізмаў і пошуку эфектыўных тэхналогій, метадаў і прыёмаў фарміравання ключавых кампетэнцый.

Асноўнымі задачамі фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляюцца фарміраванне культуры вуснага і пісьмовага маўлення, авалоданне відамі маўленчай дзейнасці, авалоданне рознымі сацыяльнымі ролямі, фарміраванне навыкаў работы ў групе (калектыве).

Маўленчая дзейнасць выступае неад’емнай часткай камунікатыўнай дзейнасці. Маўленне, у сваю чаргу, неад’емнае ад мовы: адпаведна, у аснове камунікатыўнай кампетэнцыі будуць ляжаць моўная і маўленчая кампетэнцыі. Моўная кампетэнцыя – веды пра вывучаемую мову па яе ўзроўнях: фанетыка, лексіка, склад слова і словаўтварэнне, марфалогія, сінтаксіс простага і складанага сказа, асновы стылістыкі тэксту; уменне карыстацца ўсімі адзінкамі і сродкамі мовы ў адпаведнасці з яе нормамі. Маўленчая кампетэнцыя – здольнасць выкарыстоўваць назапашаны моўны матэрыял з мэтай зносін.

Малодшы школьны ўзрост сензітыўны для фарміравання камунікатыўных здольнасцей, актыўнага навучання сацыяльным паводзінам, асаблівасцям зносін паміж дзецьмі рознага полу, засваення камунікатыўных, маўленчых уменняў, спосабаў адрознівання сацыяльных сітуацый. Калі дзіця паступае ў школу, яно знаходзіць новае месца ў соцыуме. Да дзіцяці прад’яўляюцца новыя патрабаванні ў маўленчым развіцці.

Метад праектаў – гэта метад асобасна-арыентаванага навучання. Ён развівае зместавы складнік навучання, уменні і навыкі праз комплекс заданняў, якія спрыяюць актуалізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў і аўтэнтычным спосабам прадстаўлення вывучанага матэрыялу ў выглядзе якой-небудзь прадукцыі або дзеянняў. У сваёй дзейнасці я выкарыстала метад праектаў як сродак фарміравання камунікатыўных кампетэнцый.

Работа вялася па наступных этапах:

1 Дыягностыка сфарміраванасці дзеянняў, накіраваных на ўлік пазіцыі суразмоўцы.

2 Дыягностыка ўзроўню сфарміраванасці навыкаў пісьмовага і вуснага маўлення як кампанентаў камунікатыўнай кампетэнцыі.

3 Укараненне метаду праекта ў класе. Абмеркаванне тэмы, рацыянальных рашэнняў.

4 Рэалізацыя праекта “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя”.

5 Дыягностыка ўзроўню сфарміраванасці навыкаў пісьмовага і вуснага маўлення камунікатыўнай кампетэнцыі пасля выкарыстання праектнай дзейнасці.

6 Рэфлексія.

Разглядаю фарміраванне культуры вуснага і пісьмовага маўлення як кампанентаў камунікатыўнай кампетэнцыі пасродкам праектнай дзейнасці, што прадугледжвае работу ў групах і ўзаемадзеянне, вырашэнне праблемы праз шэраг этапаў і прадстаўленне рашэння ў выглядзе канчатковага прадукту.

Праекты, рэалізаваныя на ўроках, па працягласці выканання мелі кароткатэрміновы характар. Пасля таго як былі праведзены ўсе этапы работы, усе даныя былі сістэматызаваны і праведзены аналіз вынікаў. Прамежкавыя вынікі пастаянна абмяркоўваліся, сістэматызаваліся і ацэньваліся як настаўнікамі, так і навучэнцамі. Кожнае дзіця мела магчымасць выказаць сваё меркаванне з нагоды вынікаў дзейнасці сваіх аднакласнікаў. Акрамя таго, калі ішла работа ў падгрупах, па яе завяршэнні выбіраўся самы актыўны навучэнец шляхам галасавання ўдзельнікаў падгрупы.

Праект складаўся з наступных блокаў:

“Пошта – наш памочнік”,
“Шпіталь Айбаліта”,
“Наша школа”.

А канчатковым прадуктам, вынікам праектнай дзейнасці стала “Энцыклапедыя прафесій”.

 

Прадэманструем этапы нашай работы на прыкладзе блока “Пошта – наш памочнік”.

Клас быў падзелены на тры падгрупы. У кожнай падгрупе быў абраны камандзір, які адказваў за выкананне заданняў.

Камандзір першай падгрупы падрыхтаваў інфармацыю пра гісторыю ўзнікнення пошты ад самага пачатку і да нашых дзён; камандзір другой падгрупы прадставіў прэзентацыю “Паштары розных часоў”; кіраўніку трэцяй падгрупы мелася прадставіць творы мастацкай літаратуры, звязаныя з поштай.

 

Першая падгрупа атрымала ролю журналістаў і рэдактараў часопісаў: навучэнцам падаваліся артыкулы і назвы часопісаў, іх задачай было злучыць назву часопіса з артыкулам. Назвы часопісаў былі наступнымі: “Паштальён мінулага”, “Сучасны ліст – які ён?”, “Голуб – паштальён”. Мэтай гэтага задання было вызначэнне тэмы артыкула і суаднясенне з адпаведнай назвай. У ходзе выканання задання школьнікі развівалі такі кампанент, як разуменне прачытанага тэксту.

 

Другая падгрупа займалася расшыфроўкай і напісаннем сваёй тэлеграмы. Дзеці абмеркавалі асноўныя правілы складання тэлеграм, якія былі вывучаны загадзя самастойна. Пасля гэтага ўдзельнікам падгрупы прапаноўваўся тэкст тэлеграмы, дзе былі дапушчаны памылкі, і пастаўлена задача знайсці гэтыя памылкі і выправіць іх.

Тэкст тэлеграмы:

ПАВАЖАНЫЯ ШКОЛЬНІКІ! НАШ ТЭАТР ПРЫЯЗДЖАЕ Ў ВАШУ ШКОЛУ ПАСЛЯЗАЎТРА Ў 13 ГАДЗІН. ПРЫХОДЗЬЦЕ НА СПЕКТАКЛЬ.

 

Трэцяя падгрупа працавала над сартыроўкай і напісаннем ліста школьнікам у чароўны горад; неабходна было расказаць пра сваю школу і вучобу. Напісаннем ліста займаўся адзін чалавек, астатнія дзеці прымалі ўдзел у абмеркаванні тэксту.

 

Акрамя таго, былі праведзены наступныя віды работы:

Аднаўленне дэфармаваных сказаў. Мэта практыкавання – развіццё ўмення будаваць сказы з асобных слоў у залежнасці ад кантэксту. Прапанаваныя словы:

прыносіць дом паштальён у лісты наш
знайшоў матылькоў пра цікавы ў часопісе я артыкул
бабулі я тэлеграму аб прыездзе адправіў маім

Аднаўленне межаў сказаў. Мэта практыкавання – развіццё навыку вызначэння асноўнай думкі тэксту. Дзецям прапаноўваўся ўрывак з “Казкі пра паштальёна” Сяргея Іванова. Асаблівасцю задання была адсутнасць межаў сказа. Дзецям неабходна было іх пазначыць і растлумачыць, для чаго яны патрэбныя. Урывак:

“Аднойчы адзін лётчык-паштальён разам са сваім механікам апынуўся ў самай сярэдзіне страшнай Лівійскай пустыні ноччу ў аблоках ён заблукаў над Афрыкай страціў вышыню і на хуткасці дзвесце семдзесят кіламетраў у гадзіну ўрэзаўся ў пясок пустыні лётчык і механік засталіся жывыя”. …

Складанне казкі-ліста, адрасаванага паштару будучыні. Мэта – развіццё складнага маўлення. Прапаноўваліся пэўныя клішэ, на аснове якіх потым дзеці напісалі лісты: “Паважаны паштальён будучыні”, “я …”, “у наш час …”, “я перадаю свае лісты з дапамогай …”, “я думаю, што ў будучыні …”.

Развіццё тэксту словамі-сінонімамі. Мэта – развіццё складнага маўлення. Прапанаваны тэкст, яго неабходна развіць з дапамогай слоў-сінонімаў, якія трэба выбраць з дужак.

Практыкаванне “Складзі сказ”. Мэта – развіццё маўлення. Інструкцыя: неабходна, дадаючы да слова яшчэ адно, скласці сказ. Словы можна дадаваць у пачатку, сярэдзіне або канцы – галоўнае, каб сэнс не губляўся. Зыходнае слова “лісты”:

лісты
папяровыя лісты
Пісалі папяровыя лісты
Раней пісалі папяровыя лісты
Раней людзі пісалі папяровыя лісты

Практыкаванні на развіццё навыку чытання: чытанне слоў, якія маюць аднолькавыя прыстаўкі, канчаткі; чытанне слоў, якія адрозніваюцца адной літарай; чытанне фраз-перавёртышаў, паліндромаў.

Практыкаванне “Скажы наадварот” (падбор антонімаў) Мэта – актывізацыя слоўніка.

Па завяршэнні работы над праектамі кожнае дзіця атрымлівала зборнік, дзе былі сабраны ўсе матэрыялы, над якімі вялася работа.

Пасля завяршэння работы над праектам “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя”, падвядзення вынікаў, збору і сістэматызацыі інфармацыі з мэтай стварэння канкрэтнага прадукту была праведзена паўторная дыягностыка сфарміраванасці навыкаў вуснага і пісьмовага маўлення. Вынікі ацэньваліся па тых жа крытэрыях, што і на канстатуючым этапе эксперыменту. Дыягностыка паказала станоўчую дынаміку ў фарміраванні моўнай і маўленчай кампетэнцый.

Упэўнена, што сістэматычнае выкарыстанне метаду праекта на ўроках мовы і літаратурнага чытання дазваляе значна павысіць узровень навыкаў вуснага і пісьмовага маўлення як кампанентаў камунікатыўнай кампетэнцыі, а адпаведна і сфарміраваць гэтую кампетэнцыю ў малодшых школьнікаў. Акрамя таго, названы метад фарміруе творчае мысленне, узбагачае актыўны і пасіўны слоўнікі школьніка, спрыяе ўмацаванню дысцыпліны і развіццю здольнасці нестандартна мысліць у розных сітуацыях.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий