Агіттэатр “Аграрый” Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2021” у намінацыі “Тэатральны жанр/Тэатр мініяцюр”.
У сцэнцы “Салдаты на прывале” юнакі за сем хвілін па-майстэрску разыгралі адзін з эпізодаў Вялікай Айчыннай вайны.
Агіттэатр створаны больш за 10 гадоў назад па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Станіслава Ляшчука для прафагітацыйнай работы сярод старшакласнікаў раёна і вобласці. Сёння без “Аграрыя” не абыходзіцца ніводная прома-акцыя.
За час існавання агіттэатра яго кіраўнікамі былі Уладзімір Галавій, Надзея Дзем’янюк, Вольга Жыльцова, Алена Палівода. Цяпер калектыў узначальвае педагог-арганізатар Вольга Аскарава.
– У агіттэатры задзейнічаны 15 юнакоў, – расказвае кіраўнік. ‒ Заняткі праводзяцца два разы на тыдзень. Мы вучымся быць артыстамі: адпрацоўваем сцэнічнае маўленне і рухі, элементы акцёрскага майстэрства… Словам, вучымся адчуваць гледача. Імкнёмся, каб ён атрымаў пазітыўныя эмоцыі, каб яму было цікава, камфортна, пазнавальна. Творы для пастаноўкі адбіраем з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцей удзельнікаў агіттэатра. Часта самі пішам сцэнарыі. У любым выступленні абавязкова прысутнічае агітацыйная нагляднасць. Юнакі на сцэне не толькі чытаюць вершы, але і спяваюць, танцуюць, імправізуюць. “Аграрый” адыгрывае важную ролю ў развіцці творчага патэнцыялу, фарміраванні лідарскіх якасцей, жыццёвым самавызначэнні.
Атрыманы дыплом ‒ не першая ўзнагарода, заваяваная “Аграрыем” на абласным узроўні. Агіттэатр натхнёна працуе над новымі пастаноўкамі, якія неўзабаве прадставіць гледачам.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара