19 красавіка ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень падснежніка. Вучні трэцяга класа Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна таксама далучыліся да ўсіх аматараў прыроды і напярэдадні адсвяткавалі дзень падснежніка.
Мерапрыемства “Першыя веснікі вясны” пачалося з прагляду слайд- шоу з фатаздымкамі падснежнікаў у суправажджэнні музыкі П.І.Чайкоўскага “Пралеска”. Затым дзеці праслухалі гукавое “Пісьмо падснежнікаў”, у якім кветкі ў вершаванай форме нагадалі вучням, што яны занесены ў Чырвоную кнігу і звярнуліся за экалагічнай дапамогай. Разам з настаўнікам дзеці паразважалі, якім чынам яны могуць дапамагчы кветкам і ўвогуле прыродзе.
Працягнулася мерапрыемства кранальнай інсцэніроўкай “Падснежнік і Сонейка”. Пасля Сонейка раздало трэцякласнікам свае праменьчыкі з выявай кветак, расказала ім пра гісторыю ўзнікнення гэтага свята і пажадала быць клапатлівымі ахоўнікамі прыроды.
Не абышлося свята і без рухомай гульні “Вальс кветак”, падчас якой дзецям давялося не толькі патанцаваць, але і адгадаць загадкі пра першыя веснікі вясны, кветкі.
Дзеці з добрым настроем гатовы былі працягнуць мерапрыемства, але якое ж свята без гасцей! У клас завітала падчарыца з казкі “Дванаццаць месяцаў” і пазнаёміла іх з легендамі і павер’ямі, звязанымі з падснежнікамі. За гэта вучні прэзентавалі ёй сваю выставу малюнкаў “Першыя кветкі” і расказалі вершы пра падснежнікі. Аддзячыла падчарыца трэцякласнікаў чароўным падарункам – жывымі кветкамі ў шкляначках. Яна прапанавала дзецям пасадзіць першыя веснікі вясны на школьнай клумбе і даглядаць іх.
Мерапрыемства, прысвечанае дню падснежніка – выдатная нагода не толькі ўзгадаць пра радасць надыхода вясны, але і звярнуць увагу дзяцей на тое, што прырода просіць дапамогі. Толькі агульнымі намаганнямі мы можам дамагчыся поспеху, толькі з адкрытым сэрцам мы можам захаваць знікаючыя віды расліннага свету.
Марына КАМІСАРАВА,
настаўнік пачатковых класаў
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна