Вучні 2–3-х класаў Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна адправіліся ў падарожжа ў адзін з самых старажытных і прыгожых замкаў Гродзенскай вобласці – у Мірскі замак.
Яшчэ толькі пад’язджалі да замка, а дзеці ўжо ацанілі яго веліч і прыгажосць. А як папалі ўнутр, быццам адправіліся ў падарожжа ў мінулае, калі жылі князі і княгіні. Вучні з вялікай цікавасцю пераходзілі з аднаго пакою ў другі, з кожным крокам здзіўляючыся, як можна было так жыць. Напрыклад, ацяпленне ў замку – аказваецца, яшчэ ў тыя часы прыдумалі, як можна атапіць вялікае памяшканне, запальваючы і падкідваючы дровы толькі ў адну печку на першым паверсе, а цяпло разыходзілася па ўсім замку. Вучняў уразілі ваенныя даспехі на рыцараў і іх коней, шкуры і пудзілы жывёл і птушак, а таксама рогі зубра ў абедзенай зале.
Хлопцам спадабалася зброя таго часу, а дзяўчатам – адзенне княгінь і ўпрыгожванні. Падчас экскурсіі быў трошкі страшны момант для тых вучняў, якія баяліся вышыні, і ім было страшнавата спускацца з лесвіцы, асабліва, калі збоку было відаць падвал.
Экскурсія працягвалася каля дзвюх гадзін, але здавалася, что прайшло толькі некалькі хвілін, а трэба ўжо развітвацца з замкам. Акрамя замка, дзеці наведалі ўсыпальную капліцу Святаполк-Мірскіх, дзе былі пахаваны шэсць прадстаўнікоў роду.
Пасля завяршэння экскурсіі вучні на памяць пра сваё маленькае падарожжа набылі сувеніры. Экскурсія ім вельмі спадабалася, і дзеці вырашылі, што яшчэ вернуцца ў гэты цудоўны куточак Гродзеншчыны.
Ларыса ГАНЧАР,
настаўнік пачатковых класаў
Дварэцкай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна