- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Ад сюжэтна-ролевай гульні – да тэатральнай пастаноўкі

 

Сапраўдны тэатр, ад вешалкі да авацый, стварылі выхавальнікі і выхаванцы ясляў-сада № 40 Мазыра.

Дзеянне пачалося зранку ў сярэдняй группе № 2. Адны выхаванцы сталі акцёрамі, іншыя – гледачамі. Акцёры накіраваліся ў касцюмерную-грымерную рыхтавацца да выступлення. А гледачы засталіся ў групе збірацца ў тэатр. Спачатку ў ходзе дыдактычнай гульні дзеці згадалі правілы паводзін у тэатры. Яны разглядалі афішу да спектакля “Каза-Манюка”. Даведаліся, хто з акцёраў будзе выконваць ролі ў спектаклі. Выхавальнік прапанавала дзецям выбраць з прапанаваных рэчаў тыя, што спатрэбяцца ў тэатры. Дзеці ўзялі ў тэатр бінокль, кветкі, кашалькі з грашыма, каб набыць білеты, сумкі, апранулі кашулі і накіраваліся ў музычную залу, стылізаваную пад тэатр.

На ўваходзе ў “тэатр” размешчаны гардэроб. Паліна, якая працавала гардэробшчыцай, прапанавала зняць вопратку, выдала нумаркі. Дзеці накіраваліся ў тэатральную кассу, дзе білецёр Вераніка прадала квіткі на спектакль, прапанавала ўзяць праграмку. Пасля дзеці перайшлі ў фае чакаць першы званок. Падчас чакання была магчымасць разглядзець рэпрадукцыі карцін беларускіх і рускіх мастакоў. Калі прагучаў званок, усе пайшлі ў залу для гледачоў. На ўваходзе працавала кантралёр Варвара, яна праверыла квіткі і папрасіла гледачоў заняць свае месцы згодна з квіткамі. Прагучаў апошні званок – пачаўся спектакль.

Казачніца Сафія пачала прадстаўленне. Героі спектакля па-майстэрску выконвалі свае ролі. Унучка, Бабка, Дзед пасвілі Казу-Манюку, а хітрая Каза маніла Дзеда. Дазнаўся пра гэта Дзед і раззлаваўся на Казу, прывязаў яе, а яна ўцякла ў лес… Гледачы з захапленнем сачылі за кожным удзельнікам.

Падчас антракту гледачы накіраваліся ў тэатральны буфет. Буфетчыца Мілана прапанавала дзецям кексы, бутэрброды, пірожныя, сок, гарбату. Прыдбаўшы прысмакі, дзеці перайшлі за сталы імправізаванай кавярні. У вестыбюлі набылі кветкі. Прадавец кветак Дарына прапанавала рамонкі, ружы, астры, гваздзікі.

Тым часам на сцэне змяніліся дэкарацыі, пераапрануліся акцёры. Другую частку прадстаўлення пачала казачніца Ганна. Каза ў лесе знайшла зайчыкаву хатку, выгнала Зайчыка, сама ў ёй засталася жыць, а яго і на парог не пускала. Лясныя звяры Воўк і Мядзведзь хацелі дапамагчы яму, але палохаліся нявіданнага звера. І толькі смелы Пеўнік дапамог Зайчыку.

У канцы спектакля выхавальнік прадставіла ўсіх героеў прадстаўлення. Гледачы падарылі акцёрам кветкі, выказалі свае ўражанні ад пастаноўкі, зрабілі сумесныя фотаздымкі на памяць.

Мы лічым, што прапанаваны від дзейнаці спрыяе фарміраванню ведаў пра правілы і асаблівасці наведвання тэатра, уменню выконваць ролі, развіццю творчых здольнасцей і цікавасці да тэатральнай дзейнасці.

 

Наталля МАРТЫНЕНКА, Ірына ХІЛЬКАВЕЦ,
выхавальнікі дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 40 Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий