- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Адкрыты дыялог “Чарнобыль: лёсы, падзеі, памяць”

 

Напрыканцы красавіка ў школах Лідскага раёна праходзіла дэкада грамадска-патрыятычных спраў “Чарнобыль. Праз 35 гадоў”. Шэраг мерапрыемстваў быў арганізаваны і ў сярэдняй школе № 11 Ліды. Адным з самых значных і цікавых для вучняў 7–9-х класаў стаў удзел у адкрытым дыялогу “Чарнобыль: лёсы, падзеі, памяць”.

Падчас мерапрыемства ўвазе школьнікаў была прадстаўлена даследчая праца вучняў 8 “Б” класа “Лёсы людзей пад крылом чарнобыльскай трагедыі”, якая заняла 2-е месца на абласным этапе рэспубліканскага праекта “Чарнобыль: скрозь прызму дзесяцігоддзяў”. Аўтары даследчай працы пазнаёмілі ўдзельнікаў адкрытага дыялогу з жыццёвымі гісторыямі лідчан, якія з’яўляліся ўдзельнікамі ліквідацыі наступстваў катастрофы, з лёсамі перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Трэба адзначыць, што асноўнай крыніцай інфармацыі для школьнікаў стала раённае выданне “Лідская газета”, на старонках якой у розныя гады гэтыя гісторыі былі апублікаваныя. Юныя даследчыкі сабралі ўвесь матэрыял, правялі шэраг абмеркаванняў, вызначылі ключавыя моманты – у выніку ўсяго даследчая праца стала абагульняючай і грунтоўнай.

Так, выступаючы перад навучэнцамі, васьмікласнікі распавялі пра лёс падпалкоўніка ў адстаўцы Валерыя Завірухіна – удзельніка ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС, а таксама пра лёс былога міліцыянера Віталя Аксёнава – тады, у 1986, яму было ўсяго 25, і ён у ліку 35 супрацоўнікаў праваахоўных органаў з усёй Беларусі ўвайшоў у склад узвода, накіраванага ў Чарнобыльскую зону. Пра лёс сямей Бяспятых, Міхаленкаў, Шпалянскіх і многіх іншых, вымушаных сарвацца з абжытых месцаў і з’язджаць у іншыя рэгіёны.

Праслухаўшы матэрыялы даследавання, вучні задалі пытанні і атрымалі кампетэнтныя адказы ў ходзе абмеркавання сумесна з класнымі кіраўнікамі.

Таксама школьнікі віртуальна наведалі памятныя месцы Беларусі, дзе ўвекавечаны ў камені падзеі 35-гадовай даўніны. Віртуальнае падарожжа вучням прапанавала зрабіць інфармацыйная група 8 “Б” класа.

І ячшэ адным уражлівым момантам для ўсіх стала прапанова наведаць віртуальна мастацкую галерэю, дзе намаганнямі вучняў 7 “Б” класа сабраны карціны беларускіх мастакоў, прысвечаныя тэме чарнобыльскай трагедыі. Вучні не проста зрабілі агляд карцін, а пачулі іх гісторыі, адчулі боль і трагедыю, якую перадалі на сваіх палотнах мастакі.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий